Зінаіда Міхнюк. Фота з сацыяльных сетак. У судзе Ленінскага раёна Берасця 18 траўня пачынаецца разгляд справы палітзняволенай актывісткі прафсаюза РЭП Зінаіды Міхнюк. Жанчыну абвінавачваюць у абразе прэзідэнта па ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядае суддзя Андрэй Грушко.

Зінаіда  Міхнюк — актывістка прафсаюза РЭП, была затрымана 25 сакавіка 2022 пасля вобшукаў у яе дома і на офісе арганізацыі. Жанчыну да суда змясцілі ў СІЗА №7 Берасця.

Паводле інфармацыі, якую даслаў адзін са зняволеных з-за кратаў, Міхнюк абвінавачваюць на аснове матэрыялаў з праслухоўвання, якое стаяла ў яе як у актывісткі прафсаюза РЭП.

Днямі праваабаронцам стала вядома, што суд над палітзняволенай Зінаідай Міхнюк адбудзецца непасрэдна ў следчым ізалятары, па месцы яе зняволення.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін мяркуе, што такое рашэнне прынятае наўмысна:

«Мяркую, што суд у турме гэта каб грамадзтва не даведалася аб тым, што доказаў злачынства няма. Мэта — паціху прыбраць з публічнай прасторы лідараў незалежных прафсаюзаў, расправіцца з прафсаюзным рухам, запалохаць грамадзтва, каб людзі страцілі апошнюю надзею на справядлівасць».

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Актывістку прафсаюза РЭП Зінаіду Міхнюк будуць судзіць неспасрэдна ў СІЗА