Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.

З пункту гледжання маралі адчуваць віну, не зрабіўшы нічога канкрэтнага, гэтак жа няправільна, як і не адчуваць віну за насамрэч зробленае. 

Ханна Арэндт, філосаф

Палітычныя падзеі 2020 года наклалі свой адбітак на жыццё беларусаў. Пачуццё віны знаёмае практычна кожнаму, хто браў у іх актыўны ўдзел ці зрабіўся іх сведкам. Не так важна, застаўся чалавек у краіне ці вымушана пакінуў яе, бо праблема не вырашылася і большасць дагэтуль у той ці іншай ступені жывуць у стане стрэсу.

Самыя распаўсюджаныя думкі, пры якіх узнікае пачуццё віны:

Паспрабуем разабрацца, як навучыцца даваць рады пачуццю віны і вярнуцца да спакойнага жыцця, наколькі гэта дазваляюць акалічнасці.

"Я з'ехала, але ўсе думкі пра Беларусь"

Ірына, з'ехала ў чэрвені 2021 года

"Мы сабраліся і з'ехалі з дачкой за адзін дзень, цяпер у Польшчы. Гэта быў не ад'езд, а ў прамым сэнсе эвакуацыя. У мяне ўжо былі два штрафы па 23.34 КаАП — увосень і ў сакавіку, за ўдзел у дваровым маршы.

У нас быў закрыты чат, 25 чалавек, і мы рабілі ўсё, што маглі, каб паказаць, што мы ёсць і нічога не скончылася: налепкі, улёткі, «партызаншчына». Адной раніцай затрымалі траіх чалавек з нашага актыву, яны дагэтуль у СІЗА, чакаюць суду. Паўстаў выбар — апынуцца разам з імі, а дачку забярэ апека, ці з'ехаць. З ператрусам дадому прыйшлі праз тыдзень пасля майго ад'езду. Нічога не знайшлі, напалохалі пажылых бацькоў.

Першыя часы было складана: няма працы, грошай, чужая краіна, не ведаеш мовы. Але ты на волі, а твае блізкія не стаяць пад турмой з перадачай. Ці адчуваю я пачуццё віны? Так, у першыя часы асабліва востра. Ты не губляеш сувязь з «зямлёй», сочыш за лёсам палітвязняў, пішаш ім лісты. Гэта несправядліва: разумныя і інтэлігентныя людзі ў турме ні за што. Цяпер чатыры чалавекі з нашага актыву ў СІЗА, хтосьці схаваўся, а дзесяць чалавек з'ехалі. Але ўсё гэта рана ці позна скончыцца, мы вернемся, усе думкі пра Беларусь".

Наталля, псіхолаг. Чалавек можа і мае права адчуваць любыя эмоцыі. Віна — эмоцыя, якая звязаная з думкамі пра тое, што чалавек зрабіў штосьці, што супярэчыць ягоным маральным арыенцірам і чаканням. Прычым дзеяннем з'яўляецца і бяздзейнасць, таму што яна таксама прыводзіць да персанальных наступстваў.

З'ехаць з краіны, гэтак як і застацца ў ёй, — гэта складаныя рашэнні, і абодва прымаюцца пад моцным уплывам эмоцыі страху. Супярэчнасць ёсць у абодвух рашэннях: і там і там чалавек сутыкаецца з немагчымасцю рабіць тое, што ён лічыць патрэбным.

Марыя, псіхатэрапеўтка. Сам ад'езд па факце з'яўляецца выгнаннем, а гэта ўжо пакаранне. Так было са старажытных часоў: выгнаць чалавека з суполкі, выключыць з сацыяльнай групы. Праводзіўся эксперымент, падчас якога даказалі, што ў стане выкінутасці ў чалавека на сэнсарным узроўні з'яўляецца боль, аналагічны фізічнаму, як, напрыклад, баліць рука, нага, зуб. Балюча на нейраўзроўні — нават не псіхалагічна. Бо людзі губляюць частку свайго жыцця, значныя сувязі.

Шмат якія людзі з'ехалі, але яны не могуць не быць залучанымі. Адпраўным пунктам для стрэсу з'яўляецца пачуццё віны, а яго падсілкоўвае такі стан, які я называю «ўсёмагутнасць» —  на гэта хварэюць «выратавальнікі», таму што ў іх паўстае пачуццё, што ад іх усё залежыць: калі я гэтага не зраблю, усё абваліцца. У гэтым стане людзі перастаюць кантраляваць свае патрэбы — недаядаюць, пераядаюць і да т. п. Яны шмат працуюць не таму, што прадуктыўныя, а таму што мяркуюць, што калі на секунду спыняцца, усё абваліцца — маё жыццё ці чужое.

Часам кажуць, што эміграцыя — пахаванне, пасля якога жыццё працягваецца. Тут важна пражыванне страты і гора. Гэтыя людзі знаходзяцца ў стане гаравання па згубленым. Можа пачацца пошук вінаватага — самаабвінавачанне ці абвінавачванне кагосьці, спроба аднавіць справядлівасць і прадказальнасць у сваім жыцці. Часта ў людзей застаецца крыўда за тое, што давялося з'ехаць.

"Пакуль ёсць магчымасць, я застаюся тут"

Юлія, актывістка, 35 гадоў.

Мы выходзілі кожны нядзельны марш з мужам і дзецьмі, сваякамі і сябрамі, не прапусціла ніводнага. Увосень 2021 года пасябравала з дваровымі партызанамі; калі гарадскія маршы сталі вельмі небяспечнымі, пайшла на раённыя, дваровыя, ланцугі салідарнасці і г. д. За што была прыцягнута да адказнасці паводле 23.34. Увесну 2021 года пакінулі маршы і пачалі разносіць прэсу, ляпіць стыкеры, «партызаніць».

У мяне ўцякло вельмі шмат знаёмых сем'яў, сяброў. Прычына таму — пагроза турмы. Гэта страшна. Мы не з'ехалі, і пакуль ёсць магчымасць, мы тут, адны з самых цярплівых «пачакуноў». Спыняе бізнэс, які столькі гадоў спрабуем развіць, старэйшае дзіця, якое вучыцца ў ВНУ, і няведанне мовы. Так, мы зменшылі актыўнасць, але гэта не значыць, што здаліся.

Ёсць пачуццё віны перад дзецьмі і бацькамі, што не атрымалася ў нас усіх, але цяпер разумею, што ад сябе я рабіла ўсё магчымае, што магла і ўмела. Людзі розныя, але гэтая сітуацыя зламала нават самых моцных. Самім перажыць гэта вельмі складана. Траўмы псіхалагічныя засталіся назаўжды.

Наталля, псіхолаг. Віна мае дзве функцыі: сацыяльную і індывідуальную. Сацыяльная функцыя дазваляе чалавеку прытрымлівацца сацыяльных стандартаў (выконваць законы, напрыклад) і дзейнічаць у інтарэсах грамадства, да якога ён хоча належаць. Страх аказацца вінаватым і быць выключаным з групы — гэта страх першабытнага чалавека, які не мог выжыць без племя, ён дастаўся эвалюцыйна. Магчымасць аб'ядноўваць высілкі ў вялікай групе прывяла нас як від да дамінавання ў прыродзе.

Там жа, дзе выяўляецца індывідуальная функцыя, здараюцца праблемы. Таму што віна дае магчымасць узяць на сябе адказнасць за тое, што знаходзіцца па-за зонай нашага кантролю, напрыклад, за новую хвалю рэпрэсій. Здаецца, што калі б я зрабіў больш, то здолеў бы гэта спыніць — але насамрэч адзін чалавек не можа спыніць непрадказальныя дзеянні ўзброенай сістэмы. Неабгрунтаванае  і хваравітае пачуццё віны дае ірацыянальнае ўяўленне, што на сітуацыю можна было неяк паўплываць. А значыць рана пагружацца ў бяссілле і залежнасць ад чужога самавольства (хаця насамрэч менавіта ад бяссілля мы і абараняемся — бо складана паверыць, што мы не змаглі паўплываць). У сутнасці, віна стварае ілюзію кантролю, але пры гэтым часта не дапамагае дзейнічаць прадуктыўна.

Марыя, псіхатэрапеўтка. Чалавек павінен разумець сваю рэальную ролю і ступень уплыву на сітуацыю. Пачуццё віны нармальнае толькі ў тым выпадку, калі ты разумееш, што рэальна нанёс камусьці шкоду. Вось як трывога кажа пра тое, што мы ў небяспецы ці бяспецы, гэтак і пачуццё віны сігналізуе пра тое, што мы стваральныя ці разбуральныя. Тут важна разумець: мы штосьці разбурылі ці мы думаем, што мы штосьці разбурылі. Калі мы думаем, што зрабілі штосьці дрэнна, і гэта не супадае з рэальнасцю, пачуццё віны робіцца нездаровым. 

Нармальная віна прыводзіць да таго, што мы шукаем, як выправіць дапушчаную памылку. Вось прыклад Германіі, дзе апроч Гітлера была яшчэ маўклівая большасць і выканаўцы. Пасля нацыя вымушаная была выносіць урокі і вывучаць працэсы, каб зразумець, як не дапусціць падобнага ў будучыні. Пачуццё калектыўнай віны дапамагала ім у гэтым.

На ступень пачуцця віны часта ўплывае мінулае чалавека, ягонае дзяцінства, звычка «ратаваць» іншых і быць гіперадказным, набытая ў сям'і. На жаль, калі такі сямейны профіль накладваецца на псіхалагічную траўму ад рэпрэсій, стан чалавека пагаршаецца і хранічны стрэс зацягваецца. Калі вы адзначаеце, што, магчыма, трапілі ў такую сітуацыю, ёсць сэнс наведаць хаця б 2-3 кансультацыі псіхолага.

Наталля, псіхолаг. Першае, што я рэкамендую рабіць, — гэта клапаціцца пра сябе. Пераканайцеся, што ў вас досыць фізічных і эмацыйных рэсурсаў: найперш выспіцеся і паешце. Будзьце шчырымі, дзяліцеся пачуццямі і планамі з блізкімі і людзьмі, якім давяраеце.

Паспрабуйце задаць сабе пытанні:

  • Ці сапраўды я мог паўплываць на тое, што адбывалася?
  • Ці мог хтосьці яшчэ быць адказным за тое, што здарылася?
  • Ці мог іншы чалавек, апынуўшыся на маім месцы, штосьці зрабіць?
  • Ці стаў бы я яго асуджаць за гэта?
  • Ваш добры сябар стаў бы вас вінаваціць у гэтых акалічнасцях?
  • Падумайце, што добрага вы зрабілі, і прызнайце, што задаволеныя ці нават ганарыцеся гэтымі канкрэтнымі дзеяннямі.

Невядома, наколькі зацягнецца вырашэнне палітычнай сітуацыі ў Беларусі, ці змогуць вярнуцца тыя, хто з'ехаў, і што будзе з тымі, хто пакуль застаўся. Важна адно — клапаціцца пра свой псіхалагічны стан, навучыцца кантраляваць эмоцыі. Пачуццё віны прысутнічае ў кожнага з нас, і навучыцца даваць яму рады можна, выкарыстоўваючы тэхнікі самадапамогі ці звярнуўшыся да спецыялістаў.

Псіхалагічная дапамога: Наступствы для псіхікі агрэсараў і саўдзельнікаў гвалту

Калі мы абмяркоўваем гвалт, звязаны з рэпрэсіямі ў Беларусі, звычайна мы згадваем ахвяр, але амаль ніколі не гаворым пра тых, хто яго ажыццяўляў. Ці адбіваецца на псіхіцы суддзі вынясенне несправядлівых прысудаў? Ці можна перавыхаваць амапаўца, які збіваў дзяўчын падчас мірных маршаў?

Крыніца: Псіхалагічная дапамога: Як перажыць пачуццё віны, калі ты з'ехаў, ці застаўся, але ўсё адно яго адчуваеш