Жонка палітвязня Віктара Панцялеева Яўгенія пасля заключэння шлюба ў брэсцкім СІЗА Учора ў гомельскай ПК-4 палітзняволеная Яна Арабейка выйшла замуж за інжынера Валерыя Таміліна. “Вясна” паразмаўляла з мужчынай, каб даведацца алгарытм дзеянняў для тых, хто таксама хоча пабрацца шлюбам са зняволеннымі, якія знаходзяцца ў СІЗА ці адбываюць пакаранне ў калоніі.

Што патрэбна зрабіць, каб пабрацца шлюбам?

Людзі, якія маюць намер пабрацца шлюбам, запаўняюць заявы: кожны сваю. Узор можна атрымаць у ЗАГС таго раёна, да якога тэрытарыяльна адносіцца СІЗА/калонія. Чалавек на волі дасылае іх начальніку ўстановы, дзе знаходзіцца зняволены (-ая). Начальнік СІЗА/калоніі завярае, што подпіс і пашпартныя дадзеныя чалавека ў няволі сапраўды належаць яму, і дасылае заявы назад чалавеку, які знаходзіцца на волі. Таксама па некаторых звестках, у ПК-8 гэтай працэдурай займаецца натарыўс.Пасля гэтага чалавек на волі адносіць заявы у ЗАГС, дзе прызначаюць дату шлюба. Часцей за ўсё, гэтыя даты вызначаныя ўстановамі загадзя. Валеры раіць сачыць за тэрмінамі пераводаў чалавека з СІЗА ў калонію і старацца паспець падаць заяву ва ўстанову да даго, як яго этапуюць.

Колькі часу займае працэс?

Валеры адправіў начальніку калоніі падпісаныя ім і Янай заявы 8 студзеня 2022 года, атрымаў іх назад праз паўтары тыдні, і 27 студзеня ўжо прайшла рэгістрацыя шлюба. Максімальна магчымага тэрміну верыфікацыі асобы начальнікам калоніі ў законе няма. У выпадку Яны і Валера шлюб заняў паўгода: з 16 ліпеня 2021 года па 27 студзеня 2022 года, аднак шэраг праблемаў узніклі праз этапаванне дзяўчыны з СІЗА ў калонію, а таксама ейны нібыта згублены судом Савецкага раёна пашпарт.

Як праходзіць рэгістрацыя?

Рэгістрацыя шлюба адбываецца ў будынку калоніі: у гомельскай ПК-4 гэта памяшканне, дзе адбываюцца кароткія спатканні. Уся працэдура цягнецца пяць хвілін, там прысутнічаюць маладыя і супрацоўніца ЗАГС, супрацоўніца калоніі. З дазволу начальніка ўстановы на рэгістрацыі шлюба таксама могуць прысутнічаць сведкі і лізкія сваякі. Для гэтага патрэбна падаваць адмысловыя заявы.

Колькі каштуе працэдура?

Пабрацца шлюбам у зняволенні каштуе столькі ж, сколькі і на волі: адну базавую велічыню (32 рублі). Таксама трэба ўлічваць, што патрэбна забяспечыць дарогу супрацоўніку ЗАГС да месца зняволення і назад.

Што можна рабіць падчас рэгістрацыі?

Калі падчас шлюба не дзейнічаюць каранцінныя абмежаванні, то дазваляецца абняцца, пацалавацца і абмяняцца некалькімі словамі. У некаторых выпадках абдымацца маладым забаранялі, а цэрэмонія адбывалася праз шкло. Магчыма, дазволена мець пры сабе кветкі: гэтае пытанне Валеры не ўдакладняў, аднак такія выпадкі вядомыя.Пасля афармлення шлюба нельга заставацца ў памяшканні са зняволенным (-ай) нават на 10-15 хвілін.

Якія магчымасці з'яўляюцца ў новай сям'і?

Акрамя спатканняў, званкоў і магчымасці перадаваць перадачы, маладым належыць яшчэ адно працяглае спатканне да трох сутак адразу пасля шлюба. Важна, што дадатковае спатканне даецца толькі калі шлюб быў зарэгістраваны ў калоніі, а не ў СІЗА. Як хутка яго дадуць – залежыць ад аператыўных супрацоўнікаў часткі, тэрміны і ўмовы не прапісаныя ў законе. Меркавана, Валеры і Яна атрымаюць спатканне 17 лютага – праз тры тыдні пасля вяселля.

Валеры кажа, што галоўнае ў гэтай справе – набрацца цярпення і разумець, што працэс можа быць доўгім. А таксама не планаваць нічога, пакуль не будуць вядомыя дакладныя даты.

Аповед Валера пра шлюб можна пачытаць у матэрыяле "Медыязоны", пра шлюбы іншых палітзняволеных – у тэксце DW. Нагадаем, у СІЗА ці калоніі пабраліся шлюбам і іншыя сем’і палітняволеных: Яўген і Вераніка Бароўскія, Віктар і Яўгенія Панцялеевы, Міхаіл Юдзін і Валерыя Латаш, Уладзімір і Марына Няронскія, Ігар Бузук са сваёй дзяўчынай, Святаслаў і Таццяна Герасімукі.

Заўвага: працэдура апісаная паводле некалькіх гісторый, у кожнай установе нюансы могуць адрознівацца.

Крыніца: Пабрацца шлюбам з палітвязняволенным (-ай): як гэта магчыма?