Мікіта Емяльянаў. Фота: svaboda.org 27 студзеня на выязным судовым пасяджэнні ў турме №4 г. Магілёва пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязня Мікіты Емяльянава паводле ч. 2 арт. 411 Крымільнага кодэкса.

Справу разглядала суддзя суда Ленінскага раёна г. Магілёва Аксана Ратнікава.

На пасяджэнні дазволілі прысутнічаць толькі бацькам Мікіты, а сяброў і непаўналетніх братоў не дапусцілі. Таксама суд забараніў весьці гуказапіс працэсу, а бацькоў палітвязня пільна даглядзелі.

Мікіта Емяльянаў прысутнічаў у залі, аднак адмовіўся ўставаць пры адказе на пытанні суда. Аксана Ратнікава патрабавала, каб абвінавачаны ўставаў і папярэдзіла яго, што за непавагу да суду палітвязня могуць выдаліць з пасяджэння. Мікіта Емяльянаў патлумачыў, што не лічыць патрэбным уставать: “Гэта не суд, а судзілішча, бо ў нашай краіне справядлівага і незалежнага суду не існуе”.

Суддзя запытала, ці згодзен палітзняволены даваць паказанні ў судзе? Емяльянаў пагадзіўся толькі пасля допыту ўсіх сведкаў па крымінальнай справе. Хлопец зноў не ўстаў пры адказе, за што быў ізноў папярэджаны.

На трэці раз, калі Емяльянаў не падняўся, судзя выдаліла яго з судовага паседжанне праз непадпарадкаванне патрабаванням суда.

Паводле абвінавачвання, Мікіта Емяльянаў неаднаразова парушыў правілы ўнутраннага распарадку і аказаў злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, чым здзейсніў злачынства паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса.

Вось дзеянні, у якіх абвінавацілі Мікіту Емяльянава:

  • не ўставаў у строй падчас колькаснай праверкі ў камеры;
  • не рабіў даклад па ўстаноўленаму ўзору;
  • не прадстаўляўся - адмаўляўся называць імя, прозвішча, артыкулы, па якіх асуджаны;
  • пры ўваходзе супрацоўнікаў турмы ў камеру адмаўляўся ўставаць з ложку, адмаўляўся затушыць цыгарэту і зашпіліць гузікі на адзенні;
  • адмаўляўся галіцца і стрыгчы валасы;
  • спаў у камеры на падлозе;
  • перагаворваўся праз санвузел з суседнімі камерамі.

Вядома, што такім чынам Мікіта выказваў свой знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі турмы, якая адмаўляецца ўручаць яму лісты па надуманых прычынах.

Даследаванне доказаў віны палітвязня пачалося з допыту сведкаў. Па даденай крымінальнай справе на папярэднім следстве былі дапытаныя 12 чалавек - супрацоўнікі турмы N 4, большасць з якіх займае пасады карпуснога ці кантралёра.

У судзе выступіла 11 сведкаў, адзін – быў у працоўным адпачынку. Усе сведкі патлумачылі, што Емяльянаў парушаў рэжым утрымання і правілы ўнутранага распарадку. На пытанні пракурора, у які перыяд Емяльянаў парушаў правілы распарадку, усе сведкі адказалі, што ў жніўні, верасні, кастрычніку, а таксама ў лістападзе 2021 году.

Адзін са сведкаў на пытанні пракурора распавёў, што ў адказ на парушэнні правілаў распарадку Емяльянаву было растлумачана становішча па яго лістам. То бок, са слоў сведкі вынікае, што Емяльянаў пратэставаў супраць несправядлівага стаўлення да ягонай карэспандэнцыі з боку адміністрацыі.

Яшчэ адзін сведка даваў супярэчлівыя паказанні: напачатку казаў, што Емяльянаў паводзіць сябе непрадказальна, у яго часта сапсуецца настрой, ад якога нібыта залежаць паводзіны Мікіты, а потым сцвярджаў, што дзеянні палітвязня насілі пратэстны характар.

Пры зачытванні абвінавачвання і пры даследванні матэрыялаў крымінальнай справы пракурор патлумачыў, што 25 траўня 2020 г. пастановай суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска Мікіта Емяльянаў быў пераведзены на турэмны рэжым. А з 9 траўня 2020 года ёг утрымліваецца ў турме г. Магілёва.

Згодна з абвінавачваннем, Емяльянаву ў віну ставяцца 16 парушэнняў рэжыму, якія былі ўчыненыя палітвязнем пасля амаль 14-17 месяцаў з моманту дысцыплійнага спагнання ў выглядзе пераводу ў турму, што супярэчыць дыспазіцыі арт. 411 Крымінальнага кодэксу.

Згодна з правапрымяняльнай практыкай, пастановамі Пленуму Вярхоўнага суду, афіцыйнымі каментарамі да Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, абавязковай прыкметай злачынства, прадугледжанага арт. 411 УК з’яўляецца дысцыплійная прэюдыцыя. Гэта значыць, што прыцягваць да адказнасці па арт. 411 УК можна толькі тую асобу, якая парушыла рэжым утрымання цягам аднаго году пасля дысцыплійнага спагнання ў выглядзе перавода ў памяшканне камернага тыпу, адзіночную камеру ці  пераводзілася ў турму.

Такім чынам, можна сказаць, што дысцыплійная прэюдыцыя па даденай крымінальнай справе адсутнічае, а значыць - адсутнічае і аб’ектыўны бок злачынства.

Судовае разбіральніцтва працягнецца 11 лютага.

Крыніца: Да двух гадоў зняволення: пачаўся суд над Мікітам Емяльянавым за парушэнні рэжыму ў турме