Праваабаронцы падрыхтавалі і накіравалі ў Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах (КЭСКП) даклад аб выкананні ўрадам Беларусі Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Пры каардынацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта над падрыхтоўкай справаздачы працавалі эксперты з Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Lawtrend, Офіса па правах людзей з інваліднасцю, Беларускага ПЭН-цэнтра. Таксама ў дакладзе выкарыстоўвалася інфармацыя іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія праз асцярогу пераследу за супрацоўніцтва з Камітэтам просяць захаваць іх ананімнасць, піша belhelcom.org.

У дакладзе, акрамя даўніх праблем у сферы рэалізацыі сацыяльна-эканамічных правоў, такіх як прымусовая праца, праблемы з доступам да належнай медыцынскай дапамогі ў месцах няволі, былі асветленыя ключавыя падзеі мінулых двух гадоў з пункту гледжання выканання эканамічных, сацыяльных і культурных правоў у Беларусі. Эксперты звярнулі ўвагу Камітэта на грубыя парушэнні права на працу, уключаючы масавыя палітычна матываваныя звальненні, на праблемы ў сферы рэалізацыі права на дастатковы ўзровень жыцця, права на здароўе.

Таксама ў дакладзе пазначаныя парушэнні правоў прафсаюзаў у кантэксце палітычнага крызісу ў Беларусі, парушэнні права на свабоду асацыяцыі (у прыватнасці, масавая ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца абаронай і заахвочваннем сацыяльных, эканамічных і культурных правоў), парушэнні права на адукацыю (у прыватнасці, затрыманні і пераслед студэнтаў і выкладчыкаў, палітычна матываваныя звальненні ў сістэме адукацыі).

Асобна эксперты звярнулі ўвагу Камітэта на сітуацыю ў краіне ў сувязі са складаным эпідэміялагічным кантэкстам COVID-19, а таксама на непаслядоўнасць і недастатковасць захадаў, якія робіць урад дзеля забеспячэння эканамічных і сацыяльных правоў грамадзян.

Акрамя таго, дакумент утрымоўвае падрабязнае апісанне праблем няроўнасці жанчын і мужчын у працоўных адносінах, ушчамлення правоў уразлівых груп, у тым ліку людзей з інваліднасцю, і праблемы дыскрымінацыі наогул, уключаючы адсутнасць комплекснага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства.

У дакладзе ўтрымліваецца шэраг рэкамендацый для беларускага ўрада, якія, на думку праваабаронцаў, дапамогуць палепшыць сітуацыю і забяспечыць агульную адпаведнасць стандартам Пакта.

Даклад будзе разгледжаны КЭСКП на 71-й сесіі, якая пройдзе з 14 лютага па 4 сакавіка 2022 года. Сітуацыя ў Беларусі будзе разглядацца 15 і 16 лютага. Жывая трансляцыя пасяджэння Камітэта будзе дасяжная тут.

Крыніца: У Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах накіравалі альтэрнатыўны даклад аб правах чалавека ў Беларусі