1 чэрвеня 73-гадовага віцебскага дысідэнта Барысу Хамайду зноў затрымлівала міліцыя. Яго забралі каля 13-й гадзіны на рагу так званага «сіняга дому» (вул. Леніна, 28) ў Віцебску, дзе ён амаль штодзень распаўсюджвае беларускамоўную літаратуру і прэсу. Фармальнай падставай для затрымання было тое, што Хамайда нібыта ажыццяўляў незаконны гандаль.

Марыю Волкаву з ініцыятывы пракуратуры перасуджваюць па справе «начнога пікетавання» у вёсцы Лучынаўка Віцебскага раёну. Па завяршэнні судовага паседжання 27 траўня на выхадзе з будынку суду Віцебскага раёну Волкава была затрыманая чалавекам, які назваўся следчым СК. З якой нагоды затрымлівае дзяўчыну – не паведаміў. У СК Марыя Волкава паехала разам з адвакатам.

У Віцебску распачалі крымінальную справу за зняважлівы каментар у сацыяльных сетках на адрас Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК). Яго нібыта зрабіў 39-гадовы жыхар абласнога цэнтру. Мужчыне пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкаму.

17 траўня ў Наваполацку былі затрыманыя каля 10 актывістаў, у тым ліку давераная асоба Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году Алена Радзькова і актывіст Артур Сінега. Паводле крыніцы, якая пацвердзіла факт затрымання, актывісты дагэтуль застаюцца пад вартай.

23-гадовая Лізавета Кірыенка павінна была выйсці на волю з віцебскага ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) позна ўвечары 6 траўня. Але за некалькі дзясяткаў хвілін да заканчэння тэрміну адміністрацыйнага арышту стала вядома, што дзяўчыну не выпусцяць. Пра гэта паведаміла маці затрыманай.