Пра затрыманне гаспадара бел-чырвона-белай хаты Анатоля Каханчыка паведамілі 20 снежня праваабаронцы «Вясны». Паведамляецца, што яго затрымалі, калі ён сам пайшоў у аддзяленне міліцыі па позве. Раней Каханчыку пагражалі крымінальнай справай, калі ён не перафарбуе БЧБ-хату ў нейтральныя колеры.

1 снежня ў праваабаронцы і былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага адбыўся ператрус, у выніку якога супрацоўнікі следчых органаў забралі з кватэры электронныя прыстасаванні. Пасля ператрусу Жамчужнага адвезлі на допыт. Былы палітвязень кажа, што ў працэсе размовы следчыя згубілі да яго цікавасць, бо паказанні ён не даваў. Дапытвалі яго супрацоўнікі 3-га аддзелу ДФР па Віцебскай вобласці. Жамчужнага вызвалілі ў той жа дзень пасля абеду. 

У Віцебску ад самага ранку 1 снежня супрацоўнікі МУС прыходзілі з ператрусамі да віцебскіх актывістаў Міколы Качурца і Уладзіміра Кійко. Таксама не выходзіў на сувязь праваабаронца і былы палітвязень Міхаіл Жамчужны, у якога на 1 снежня быў прызначаны суд з нагоды зменаў патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.

У пятніцу 26 лістапада ў Віцебску затрымалі актывіста, музыку і арганізатар культурніцкіх праектаў Уладзіміра Булаўскага. Яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ). З якой прычыны яго затрымалі, невядома. Як паведамілі сябры затрыманага, у ізалятар удалося перадаць цёплыя рэчы, але харчы не прынялі.

19 лістапада ў Полацкім раёне быў затрыманы гаспадар памаляванай у бел-чырвона-белыя колеры хаты Анатоль Каханчык. У той жа дзень яго судзілі, прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі (арт. 19.11 КаАП) і пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Пра гэта паведамілі праваабаронцы ПЦ «Вясна».