Увечары 30-га сакавіка карыстальнікі  Telegram, знаёмыя з найстарэйшым віцебскім апазіцыянерам, атрымалі дзіўныя паведамленні. Паводле допісаў службы мэсэнджару, Барыс Хамайда зарэгістраваўся ў Telegram каля 22-й гадзіны вечара. Сітуацыя неверагодная ў прынцыпе, бо актывіст знаходзіцца пад арыштам, а ягоны тэлефон тым часам павінны захоўваць супрацоўнікі ІЧУ. Або міліцыянты, калі апарат забраны для нейкіх следчых дзеянняў. У любым выпадку, гаспадар карыстацца ім не можа. Хто ж тады ўвайшоў Telegram пад выглядам Барыса Хамайды?

Праваабаронцам стала вядома, што ксяндза Аляксандра, пробашча  касцёла Святога Апостала Андрэя, што ў Лынтупах на Пастаўшчыне, затрымалі яшчэ 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі. Яго ўтрымліваюць у пастаўскім ізалятары часовага ўтрымання.

Жыхарка Полаччыны, паводле праваабаронцаў, якія спасылаюцца на праўладныя Тэлеграм-каналы, была затрыманаz ў Віцебску. Падставай стала тое, што 28-гадовая супрацоўніца полацкай стаматалагічнай клінікі Святлана Фірсава нібыта пакінула абразлівы каментар пад відэа з прамовай Лукашэнкі, і здарылася гэта яшчэ ў 2021 годзе.

На Тэлеграм-канале «Міліцыя Віцебшчыны» выклалі «пакаяннае відэа» жыхара Воршы – супрацоўніка чыгункі, які прызнаецца ў тым, што скраў металічныя элементы цягі ручнога тормазу грузавога вагону. Яго затрымалі, калі на ўласным аўто ён нібыта вёз дахаты ўжо распілаваныя дэталі тармазнога механізму. 

Найстарэйшы апазіцыянер Віцебску быў затрыманы супрацоўнікамі Чыгуначнага РАУС 15 сакавіка, каля 14-й гадзіны ён паспеў праз тэлефон паведаміць гэта журналістам. З тае пары  амаль трое сутак пра 74-гадовага грамадскага актывіста нічога не было чуваць. Ягоныя сябры і знаёмыя з грэка-каталіцкай царквы толькі цяпер здолелі даведацца пра ягонае месца знаходжання, і ўжо зладзілі перадачу з прадметамі першай неабходнасці і гігіены. Але колькі сутак арышту прысуджана Барысу Хамайду і за што, дагэтуль застаецца не вядомым.