У Віцебску каля галоўнага корпусу акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны 2 верасьня студэнты зладзілі ланцуг салідарнасьці. У жывым ланцугу стаяла каля 30 навучэнцаў ВНУ. Неўзабаве пасьля пачатку акцыі маладых людзей разагнала міліцыя. Двух хлопцаў затрымалі, паведамляе TUT.BY.

Жыхар Наваполацку Юры Касач зьвярнуўся ў гарадзкі аддзел СК з заявай распачаць крымінальную справу па факце перавышэньня службовых паўнамоцтваў з боку прадстаўнікоў сілавых структураў у дачыненьні да яго асобы. У дзеяньнях праваахоўнікаў навапалачанін угледзеў прыкметы злачынстваў, прадугледжаныя ч.1, арт. 161 КК (неўчыненьне мэдычнай дапамогі хворай асобе) і арт. 404 КК (прымус да ілжывых сьведчаньняў ці да адмовы ад сьведчаньняў). Абодва артыкулы прадугледжваюць пазбаўленьне волі тэрмінам да трох гадоў.

Віцебская блогерка Алена Янушкоўская («Страна для жизни») была затрыманая ў сябе дома 23 жніўня напярэдадні «Маршу новай Беларусі». Пасьля складаньня пратаколу за правапарушэньне паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП (парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах) актывістку да суду кінулі ў віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). 25 жніўня суд пакараў актывістку штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

14 жніўня а 16-й гадзіне гарадоцкі краязнаўца, грамадзкі актывіст і сябра БСДП (Грамада) Леанід Гаравы быў затрыманы мясцовымі міліцыянтамі за спробу правядзеньня несанкцыянаванага пікетаваньня. Пасьля трох дзён арышту ў гарадоцкім РАУС адбыўся суд. Неўзабаве пасьля яго актывіст у стане гіпаглікемічнай комы трапіў у лякарню, дзе ў яго здарыўся інсульт.

Валянтэр каманды Ціханоўскай у Віцебску Аляксандар Мацяюк быў затрыманы ўвечары 7 жніўня. Сёньня стала вядома пра затрыманьне чатырох незалежных назіральнікаў. Усім «шыюць» дробнае хуліганства – правапарушэньне паводле арт. 17.1 КаАП. Затрыманьні працягваюцца.