Нядзеля, 29 Студзень 2023

Затрыманы вядомы бард Андрэй Мельнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Андрэй Мельнікаў правёў маленства ў Оршы, потым пераехаў у Гомель, ён вельмі часта вандруе па Беларусі, ладзіць канцэрты і сустрэчы. У мінулы чацвер з ім знікла сувязь, і родныя былі вымушаны напісаць заяву ў міліцыю пра знікненне чалавека. Урэшце ім паведамілі, што Андрэй Мельнікаў знаходзіцца ў ІЧУ Мінскага раёну, што ён нібыта затрыманы за хуліганства і будзе пад вартай да 5 лютага.

Андрэй Мельнікаў вядомы як аўтар і выканаўца аўтарскай песні, ён выпусціў больш за 2 дзясяткі альбомаў на тэму нацыянальнага адраджэння і жыцця ў постсавецкіх рэаліях. Таксама яго ведаюць як журналіста і літаратара, а яшчэ – як заснавальніка фестываляў беларускай аўтарскай песні «Талькаўскі фэст» і «Аршанская бітва», прысвечанага перамозе войска ВКЛ над Маскоўскім войскам ў 1514г.

Фэст праводзіўся ў мясцінах, дзе адбывалася сярэднявечная бітва, вядомая як «Бітва пад Оршай». З 2008г. імпрэза апынулася пад забаронай, міліцыя пачала затрымліваць арганізатараў музычнага фестывалю, выканаўцаў з гітарамі і іхных слухачоў. Аднак, нягледзячы на рэпрэсіі, традыцыя аршанскага фэсту жыве, на бераг рэчкі Крапівенкі ў пачатку верасня штогод прыязджаюць людзі, каб пакланіцца крыжу, усталяванаму ў памяць пра загінулых ваяроў, і паспяваць песні хаця б для вузкага кола слухачоў.

Юрка Жмых