Чацвер, 28 Красавік 2022

Вольгу Брыцікаву асудзілі ўжо пяты раз запар, яна будзе сядзець як мінімум 75 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

27 красавіка ў судзе Наваполацка пяты раз запар асудзілі старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву, якую затрымалі яшчэ 27 лютага. Справу разглядала сумнавядомая мясцовая суддзя Зінаіда Балаболава, піша «Вясна».

Пяты пратакол на Вольгу зноў склалі па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Папярэднія чатыры пратаколы супраць актывісткі былі за антываенныя акцыі пратэсту. 

Брыцікаву прызналі вінаватай і зноў пакаралі 15-сутачным арыштам. Яе ўтрымліваюць у часовым ізалятары горада Ушачы.

Вольга Брыцікава працавала начальнікам аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў на "Нафтане". У жніўні 2020-га яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. Калі праходзіў сход працоўных з удзелам тагачаснага кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантроля Івана Церцеля (цяпер — старшыня КДБ), якраз Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў.

У канцы 2020-га Вольгу Брыцікаву звольнілі, у 2021 годзе яна стала кіраўніком незалежнага прафсаюза на "Нафтане".

Іван Чайка