Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 26 Красавік 2022

Міліцыянты затрымалі Барыса Хамайду, але не змаглі давесці, што ён ладзіў пікет

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Чатыры гадзіны самы вядомы віцебскі апазіцыянер быў вымушаны правесці ў аддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну. Яго затрымалі каля «сіняга дому» нібыта за несанкцыянаванае пікетаванне, аднак ніякіх атрыбутаў «пікету» пры ім не было – толькі беларускамоўныя кнігі, якія ён распаўсюджвае на працягу апошніх месяцаў. У выніку спадара Хамайду адпусцілі без пратаколу, але з папярэджаннем, што наступнае затрыманне можа скончыцца для яго крымінальнай справай.

Пра тое, што распаўсюджваць беларускую літаратуру – гэта тое самае, што пікетаваць, актывісту спрабаваў давесці старшы лейтэнант па прозвішчы Шушкевіч. Аднак пагадзіцца з гэтым немагчыма, кажа Барыс Хамайда:

«Ён мне сказаў, што раз няма дазволу з выканкаму на распаўсюд кніжак, то гэта ўжо пікет. Не, кажу, вы пакажыце мне, дзе такое напісана, што я ў Беларусі не маю права раздаваць беларусам кнігі на беларускай мове! «Раз я кажу, значыць, так яно і ёсць», – заявіў міліцыянт. Ну ўжо не! Раз няма такога закону, то і прэтэнзій да мяне не можа быць. Я так і сказаў, але ж разумею: у нас жа «не да законаў». І ўжо быў гатовы, што мяне павязуць у СІЗА, бо сказалі скласці асабістыя рэчы ў сейф. Аднак праз 4 гадзіны нешта ў намерах міліцыянтаў змянілася, і мяне адпусцілі, нават без пратаколу».

Міліцыянт сказаў актывісту, што чарговае затрыманне за адміністрацыйнае правапарушэнне – калі яно стане трэцім на працягу апошняга году – скончыцца для яго ўжо крымінальнай справай. Барыс Хамайда падкрэслівае, што распаўсюд кніжак не можа лічыцца несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, бо ў гэтым няма прыкметаў пікетавання. Усе ранейшыя атрыбуты, да якіх міліцыя мела прэтэнзіі, – бел-чырвона-белы парасон, вышываная малітва, стужкі, паштоўкі – яшчэ год таму ў яго канфіскавалі. Апошняе, што заставалася – гэта жоўта-блакітная стужка, на якую раней супрацоўнікі міліцыі не звярталі ўвагі. Аднак у сакавіку менавіта праз гэтую стужку Барыс Хамайда трапіў пад суд. Яго звінавацілі ў пікетаванні на знак салідарнасці з Украінай і пакаралі арыштам на 20 сутак.

Станіслаў Іваноўскі