Серада, 23 Сакавік 2022

Святлану Фірсаву затрымалі за каментар пад відэа з прамовай Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Святлана Фірсава Святлана Фірсава

Жыхарка Полаччыны, паводле праваабаронцаў, якія спасылаюцца на праўладныя Тэлеграм-каналы, была затрыманаz ў Віцебску. Падставай стала тое, што 28-гадовая супрацоўніца полацкай стаматалагічнай клінікі Святлана Фірсава нібыта пакінула абразлівы каментар пад відэа з прамовай Лукашэнкі, і здарылася гэта яшчэ ў 2021 годзе.

4 лютага суд Полацку і Полацкага раёну пакараў Святлану Фірсаву штрафам у памеры 200 базавых велічынь за «апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу.

Па матэрыялах абвінавачання, у перыяд з 13 па 30 лістапада 2020 году Фірсава і яе сяброўка Вольга Трунова неаднаразова, з выкарыстаннем балончыкаў з фарбай чырвонага і белага колераў, наносілі надпісы і выявы на слупах электраперадач, дрэвах, асфальце, лаўках на прыпынках транспарту ў Полацкім раёне. Таксама яны расклейвалі лісты паперы з чырвонай палоскай на белым фоне.

Паводле суддзі Віктара Балікі, усё гэта – «сімволіка, якая выкарыстоўваецца ў незаконным пратэстным руху». А памочнік пракурора Полацкага раёну Антон Васілевіч заявіў падчас суду, што сваімі дзеяннямі жанчыны «зняважылі старажылаў, якія памятаюць вайну і якіх шмат пражывае ў раёне… У гэтым асаблівы цынізм такіх дзеянняў».

Відавочна, што Святлана Фірсава трапіла пад увагу міліцэйскіх структур і следчага камітэту. І наступствам гэтага стала затрыманне за каментар, пакінуты ў інтэрнэце некалькі месяцаў таму.

Андрэй Кот