Нядзеля, 27 Люты 2022

Дзень «рэферэндуму» у Віцебску: ёсць затрыманыя

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Дакладная колькасць затрыманых не вядомая, але відавочцы паведамляюць пра затрыманні, прынамсі, у двух месцах.

Каля дзясятка чалавек адгукнуліся на заклік прыйсці да выбарчых участкаў 27-га лютага а 14-й гадзіне, і прыйшлі да СШ№11. З будынка тут жа выскачылі міліцыянты, запатрабавалі ў людзей, якія проста стаялі на вуліцы, дакументы. Загадалі ўсім разысціся, а калі людзі не кінуліся выконваць беспадстаўны загад, супрацоўнікі міліцыі зацягнулі дваіх – дзяўчыну і хлопца – у машыну. На дапамогу быў выкліканы АМАП, байцы якога кінуліся “прачэсваць” мікрараён, хаця каля СШ №11 на той момант ужо нікога не засталося.

А 17-й гадзіне супрацоўнікі міліцыі  сканцэнтравалі свае сілы на плошчы Перамогі. Відаць, чакалі, што гараджане масава прыйдуць на антываенную акцыю, пра якую паведамлялася ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах. Убачыўшы, што ніхто арганізавана не збіраецца, міліцыянты пачалі затрымліваць звычайных мінакоў. Затрымалі, прынамсі, трох чалавек, якія проста ішлі па плошчы, не маючы ў руках ні сцягоў, ні транспарантаў.

Ці адпусцілі гэтых людзей, высветліўшы ўсе акалічнасці ў пастарунку, застаецца не вядомым. Калі на затрыманых былі складзены пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, то ўжо заўтра над імі могуць адбыцца суды.

Суд чакае заўтра і затрыманую жыхарку райцэнтра Докшыцы Віцебскай вобласці.  Таццяну Дорц затрымалі за тое, што  яна выйшла на плошчу каля райвыканкаму з плакатам  «Слава Украіне».

Эмілія Протас