Серада, 22 Верасень 2021

«Палівалі шампанскім магілу рэжыму». ГУБАЗіК «раскрыў» у Віцебску «экстрэмісцкую ячэйку»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота: ej.by Ілюстрацыйнае фота: ej.by

Пра затрыманне ўдзельнікаў «экстрэмісцкай ячэйкі» ў Віцебску паведаміў тэлеграм-канал прэс-сакратаркі МУС Беларусі Вольгі Чамаданавай. Нібыта затрыманыя сем жыхароў абласнога цэнтру ва ўзросце ад 26 да 39 гадоў, якія датычныя да групавога хуліганства і «стварэння экстрэмісцкага фармавання».

Праваабаронцам сталі вядомыя прозвішчы віцяблян, якім шыюць арганізацыю «экстрэмісцкага фармавання». Гэта Марына Праслава, Павел Сокалаў, Кацярына Макарэвіч, Юлія Лабунова, Арцём Латышаў, Ірына Пярцова, Канстанцін Бодэ і Святлана Гуркоўская

Як паведамляе тэлеграм-канал Вольгі Чамаданавай, мінулым летам затрыманыя стварылі закрытую тэлеграм-групу, у якой абмяркоўвалі «акцыі прамога дзеяння». Планавалі «шкодзіць маёмасць, а таксама чыніць шкоду іміджу дзяржаўных органаў і праваахоўнай сістэмы». Удакладняе, што падазраваныя працавалі ва ўстановах адукацыі, гандлю, медыцыны, а таксама ў дзяржарганізацыях.

«Таксама ўстаноўленая датычнасць некаторых фігурантаў да бессаромнага перформансу на гарадскіх могілках. Затрыманыя цынічна дэмантавалі шыльдачку на месцы пахавання чалавека, пасля чаго ўначы распівалі там спіртовыя напоі, разліваючы алкаголь на магілу і дэманструючы там самым пахаванне рэжыму», – паведамляецца.

У дачыненні затрыманых распачатыя крымінальныя справы за злоснае хуліганства і стварэнне экстрэмісцкага фармавання.

Начальнік віцебскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК Сяргей Калантаеў сцвярджае, што акцыі фінансаваліся з-за мяжы і што зараз «устанаўліваюцца іншыя ўдзельнікі забароненай суполкі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі».