Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 25 Красавік 2021

Міколу Качурца затрымалі праз гадзіну пасля вызвалення з ІЧУ. Разам з жонкай

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Мікола Качурэц і ягоная жонка Марына пасля вызвалення Мікола Качурэц і ягоная жонка Марына пасля вызвалення

25 красавіка з віцебскага СІЗА пасля чарговых 10 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю 62-гадовы віцебскі актывіст Мікола Качурэц. Неўзабаве пасля сустрэчы з жонкай і сябрамі ён быў ізноў затрыманы – разам з жонкай Марынай. Але праз паўтары гадзіны іх выпусцілі з Першамайскага РАУС без складання пратаколу.

Мікола Качурэц адбываў 10 сутак арышту, якія нібыта не адседзеў да канца яшчэ ў жніўні 2020-га году, калі быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў.

Да віцебскага СІЗА 25 красавіка сустрэць Качурца прыйшла ягоная жонка Марына і каля дзесяці сяброў і знаёмых. Аднак у прызначаны час (16.20) Мікола не выйшаў. Выпусцілі яго на дваццаць хвілін раней, перадаўшы супрацоўніку Першамайскага РАУС для правядзення прафілактычнай размовы. Таму доўгачаканая сустрэча з жонкай, сябрамі і журналістамі адбылася пазней на праспекце Будаўнікоў.

Праз 15 хвілін пасля сустрэчы Качурэц з жонкай зайшлі ў двор бліжэйшага дому, дзе і былі затрыманыя. Іх адвезлі ў Першамайскі РАУС, адкуль выпусцілі праз паўтары гадзіны. Мікола Качурэц кажа, што пратаколы на іх не складалі, але хацелі дазнацца, хто і навошта іх здымаў на камеру.

Рэжым утрымання – як у канцлагеры

Яшчэ да затрымання Мікола Качурэц паспеў расказаць, што рэжым утрымання для палітычных у віцебскім ІЧУ нагадвае зараз канцлагерны. За дзесяць сутак ахоўнікі далі курцам прыкурыць не больш за 5-6 разоў, ды і тое баяліся. Апраўдваліся, што, маўляў, не яны пішуць такі сцэнар. У Качурца забралі кнігу Паўла Севярынца«як экстрэмісцкую». Кажа, што давялося чытаць Івана Шамякіна, якую таксама забралі праз паўгадзіны.

Наракаў, што за суткі робяць пяць-сем праверак, і адну («а то і дзве-тры») уначы.

Мікола лічыць, што такія жорсткія ўмовы ўтрымання адміністрацыя СІЗА стварае адмыслова. Напрыклад, зранку з камераў забіраюць матрацы і коўдры, пераносяць у асобны пакой. А ўвечары праз тое, што і коўдры і матрацы маюць аднолькавыя колеры, людзям дастаюцца чужыя спальныя прыналежнасці.

Усцешыўся Качурэц хіба з таго, што гэтым разам у камерах не было аніводнага прыхільніка Лукашэнкі.

Даходзіла да катаванняў

«Паставілі неяк уначы ля сцяны на агляд. Ахоўнік загадаў паставіць ногі разам, але, як я гэта зрабіў, яму не спадабалася. Удар прыйшоўся па нагах ці то гумавай палкай, ці то абуткам. Разы тры ён мяне ўдарыў, але я не зварухнуўся. Наступны ўдар прыйшоўся па галаве, і я ўдарыўся скулай аб сценку. Нейкае беспантовае катаванне! Яны нават не разумеюць, што тэрмін праходзіць хутчэй, калі нейкі варушняк ідзе», – распавёў Мікола Качурэц.

Ён прызнаецца, што хоць не ўпершыню трапіў за краты, гэты арышт стаўся самым цяжкім.

С. Горкі