Панядзелак, 29 Сакавік 2021

Студэнтка ПДУ Алеся Бука на волі. Яе маці лічыць, што дачку запалохваюць

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Алеся Бука Алеся Бука

Студэнтку Полацкага дзяржуніверсітэту Алесю Буку затрымалі 26-га сакавіка, папярэдне правёўшы ператрус у яе інтэрнацкім пакоі і забраўшы ўсю аргтэхніку. Як стала вядома, дзяўчына знаходзіцца ў статусе падазраванай паводле крымінальнага артыкулу 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). У панядзелак 29 сакавіка яна выйшла на волю, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Выходныя Алеся Бука правяла за кратамі, а ў панядзелак, 29 сакавіка, яе выпусцілі, паведаміла маці студэнткі Юлія.

«Алеся вярнулася дамоў, яна цяпер у інтэрнаце, але сувязі з ёй няма, бо не вярнулі тэхніку, што ў яе забралі. Яе вінавацяць за тое, нібыта яна ў суполцы «Каратели Беларуси» пакінула нейкі каментар, хаця яна на тую суполку нават не падпісаная. Яшчэ сказалі, што яе могуць затрымаць на трое сутак паводле 22-х артыкулаў за палітычную дзейнасць», – расказала Юлія Бука.

Паводле яе, дачка распавяла, што на падставе таго самага артыкулу 369 Крымінальнага Кодэксу ў Полацку затрымана шмат людзей. Маці лічыць, што Алесю вінавацяць беспадстаўна – каб запалохаць.

Алеся Бука была ўдзельніцай відэазвароту студэнтаў ПДУ да грамадзян Беларусі, дзе быў выказаны пратэст супраць гвалту з боку міліцыі падчас мірных акцый. 11 сакавіка яна ўзяла ўдзел у флэш-мобе «На што ты здольны дзеля мары», пагаліўшы галаву на знак салідарнасці са зняволенымі па палітычных прычынах.

Маці дзяўчыны не выключае, што адміністрацыя ПДУ не задаволеная паводзінамі дзяўчыны і яе знешнім выглядам – паголенай галавой і байкай з «Пагоняй», у якой Алеся ходзіць на заняткі.

Юлія Бука кажа, што падтрымлівае дачку і падзяляе яе грамадзянскую пазіцыю. Яна – гаспадыня вядомай на Глыбоччыне аграсядзібы «Родны кут», дзе абслугоўваюць па-беларуску і нават прапаноўваюць зніжкі для беларускамоўных гасцей.