Панядзелак, 16 Лістапад 2020

У Віцебску падчас і пасля маршу памяці Рамана Бандарэнкі затрымалі каля 25 чалавек

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Затрыманне каля тэатру  «Лялька» Затрыманне каля тэатру «Лялька»

Паводле звестак віцебскіх праваабаронцаў, міліцыянты затрымалі каля 25 удзельнікаў мірнага шэсця, прысвечанага памяці беларуса Рамана Бандарэнкі, які быў жорстка збіты невядомымі і памёр у менскім шпіталі. Марш памяці прайшоў у Віцебску 15 лістапада. Удзел у шэсці ўзяла каля 300 віцяблян.

Па словах праваабаронцаў, 15 лістапада ў Віцебску былі затрыманыя 25 чалавек. Пасля складання пратаколаў у аддзяленнях міліцыі, 20 з іх трапілі ў ізалятар часовага ўтрымання, які зараз месціцца ў будынку віцебскага СІЗА-2. Праваабаронцы мяркуюць, што затрыманыя прабудуць у ізалятары двое-трое сутак да судоў. Прынамсі пра працэсы над «палітычнымі», якія б прайшлі на наступны дзень (у панядзелак 16 лістапада), нам невядома.

«У дачыненні да затрыманых паводле арт. 23.34 улады выбіраюць зараз самыя жорсткія меры. Ім важна, каб чалавек як мага больш часу правёў пад вартай. Таму, хутчэй за ўсё, многія затрыманыя застануцца за кратамі да серады», – мяркуе прадстаўнік БХК у Віцебску і Віцебскай вобласці Павел Левінаў.

Дакладна вядома, што ў нядзелю 15 лістапада былі затрыманыя Аляксандр Канашонак, Юлія Атрошчанка, Аліна Грышанава, Сяргей Прахін, Кацярына Голубева (адпусцілі), незалежныя журналісты Алесь Пілецкі і Ігар Мацвееў (журналістаў выпусцілі з РАУС без складання пратаколаў). Прозвішчы астатніх затрыманых высвятляюцца.

Калона віцяблян прайшла 15 лістапада ад ратушы да плошчы Леніна і па супрацьлеглым баку вуліцы спусцілася да фантану «Тры ракі», каля ГЦ «Пасаж» дарогу людзям перагарадзіў заслон з міліцыянтаў і людзей у вайсковай форме. Затрыманні адбываліся каля тэатру «Лялька», на Пушкінскім мосце, у іншых месцах.

Таксама стала вядома, што ў Менску затрымлівалі віцебскую лекарку-анколага Ганну Гайдаш.

Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтра «Вясна», 15 лістапада ў Беларусі падчас пратэставых акцый было затрымана як мінімум 1291 чалавек.

Зміцер Міраш