Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 19 Чэрвень 2020

У Віцебску падчас «ланцугу салідарнасьці» былі затрыманыя 7 чалавек – фота

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У Віцебску падчас «ланцугу салідарнасьці» з палітвязьнямі, які прайшоў 19 чэрвеня – у апошні дзень збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва, былі затрыманыя 7 чалавек. Сярод іх – віцебская актывістка і блогерка Алена Янушкоўская і яе дачка Юлія. Вядома, што Алену Янушкоўскую зьмясьцілі да суду ў ізалятар часовага ўтрыманьня, Юлію – адпусьцілі. Імёны астатніх затрыманых высьветліць пакуль не ўдалося.

У пятніцу 19 чэрвеня ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва Сьвятланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі правялі апошнія пікетаваньні для збору подпісаў.

Віцябляне прыходзілі на пляцоўку каля гандлёвага цэнтру «Марка-сіці» ня толькі для таго, каб пакінуць подпіс, але таксама каб выказаць салідарнасьць з патэнцыйнымі кандыдатамі і іх паплечнікамі, якія зараз знаходзяцца за кратамі.

Каля 400 чалавек утварылі сымбалічную чаргу – «ланцуг салідарнасьці» – які расьцягнуўся на сотні мэтраў уздоўж вуліцы Леніна.

Кіроўцы аўтамабіляў (і нават дзяржаўных аўтобусаў) гучна сыгналілі ў падтрымку ўдзельнікаў жывога ланцугу.

Каля 20-й гадзіны міліцыя перакрыла рух транспарту на вуліцы Леніна ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі. Уздоўж чаргі прайшлі міліцыянты зь мэгафонам, патрабуючы разысьціся. У адказ людзі накіраваліся на плошчу Перамогі, дзе зладзілі новы ланцуг.

Па дарозе на плошчу Перамогі былі затрыманыя блогерка Алена Янушкоўская і яе дачка Юлія.

Каб разбурыць новы ланцуг людзей на плошчы Перамогі, міліцыя зноў перакрыла рух на вуліцы Леніна, падагнала на плошчу шэсьць міліцэйскіх бусаў, а пасьля – і аўтазак. Пасьля некалькіх міліцэйскіх папярэджаньняў людзі разышліся, але частка засталася на плошчы – сядзелі на лаўках і парапэтах.

Менавіта тады, калі мірны пратэст быў ужо вычарпаны, супрацоўнікі МУС кінулі ў аўтазак двух удзельнікаў ланцугу, яшчэ траіх – у мікрааўтобус. Каго менавіта затрымалі – пакуль невядома.

Каля 22.00 плошча Перамогі апусьцела.

Алену Янушкоўскую зьмясьцілі да панядзелку ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Яе дачку адпусьцілі. Суд над Янушкоўскай адбудзецца ў панядзелак 22 чэрвеня.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.