Пятніца, 22 Сакавік 2013

Праваабаронца патрабуе паскорыць разгляд справы затрыманых сябраў БНФ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Раман Кісьляк Раман Кісьляк

Праваабаронца Раман Кісьляк зьвярнуўся да начальніка Кастрычніцкага РАУС Віцебску з заявай аб аднаўленьні правоў затрыманых 22 сакавіка сябраў партыі БНФ Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава. Ён патрабуе разгледзець справу ў судзе не пазьней як цягам 48 гадзін пасьля затрыманьня або вызваліць актывістаў. Аналягічныя заявы былі накіраваныя таксама ва УУС Віцебскага аблвыканкаму і міністру ўнутраных спраў.

У сваіх заявах праваабаронца спасылаецца на частку 2 артыкулу 11.2 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: «Справа аб адміністрацыйным правапарушэньні, зьдзяйсьненьне якога цягне адміністрацыйны арышт ці дэпартацыю, разглядаецца ў дзень атрыманьня пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні і іншых матэрыялаў справы, але не пазьней за сорак восем гадзін з моманту адміністрацыйнага затрыманьня фізычнай асобы ў выпадку, калі такое затрыманьне было зьдзейсьненае і асоба затрыманага ўстаноўленая».

Сорак восем гадзін з моманту затрыманьня партыйцаў мінае не пазьней як а 13:47 у нядзелю 24 сакавіка. Менавіта да гэтага часу павінна быць разгледжаная іхная справа ў судзе, сьцьвярджае Раман Кісьляк. Калі справу разгледзець немагчыма, бо выходны дзень, актывістаў трэба вызваліць. Ёсьць, праўда, яшчэ, і іншы варыянт: сябраў БНФ у нядзелю ў суд не вязуць і не вызваляюць, а трымаюць у ІЧУ да 25 сакавіка (меркаваная дата суду над імі паводле паведамленьняў СМІ), але тады гэта будзе парушэньне заканадаўства.

Апроч патрабаваньня выконваць літару закону, праваабаронца ў сваёй заяве да міліцэйскага начальніка просіць паведаміць яму загадзя пра час і месца разгляду справы, «каб я і мае калегі… маглі пасьпець да пачатку разгляду гэтай справы» (Раман Кісьляк жыве ў Берасьці). Пад вечар суботы 23 сакавіка ніякіх адказаў на заяву атрымана не было.

Нагадаем, віцебскі абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў і актывіст партыі Кастусь Смолікаў былі затрыманыя 22 сакавіка ў гандлёвым цэнтры «Эвіком» падчас раздачы ўлётак з заклікам прыйсьці на мітынг да 95-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Па затрыманьні яны былі адвезеныя спачатку ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску, а потым ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе знаходзяцца дагэтуль. Суд над імі, мяркуецца, адбудзецца 25 сакавіка. У чым канкрэтна абвінавачваюцца партыйцы – невядома.

Віцебская Вясна