Чацвер, 11 Красавік 2013

Суд над Пятром Івановым адкладзены

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пётар Іваноў Пётар Іваноў

Суд над віцебчуком Пятром Івановым, затрыманым раніцай 12 красавіка ў будынку абласнога ДАІ, распачаўся ў гэты самы дзень пад канец працоўнага дня. Спадар Іваноў заявіў хадайніцтва аб удзеле ў судовым працэсе адваката. Судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Прэйс хадайніцтва задаволіў. Пятру Іванову дадзены час да 11:00 17 красавіка, каб заключыць дамову з адвакатам. Да гэтага часу ён адпушчаны дадому.

Пётар Іваноў быў выкліканы ва ўпраўленьне ДАІ віцебскага аблвыканкаму для дачы тлумачэньняў. Прычына выкліку: 16 лютага ён стаў сьведкам затрыманьня актывістаў партыі БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, якія стаялі ў цэнтры гораду з плякатам «Свабоду палітвязьням!», пасьля напісаў заяву аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне правілаў дарожнага руху супрацоўнікаў міліцыі, што зьдзяйсьнялі тое затрыманьне.

Начальнік міжраённага аддзелу ДАІ Віцебску пры УУС Віцебскага аблвыканкаму падпалкоўнік Аляксандар Сьцяпанаў, які асабіста браў тлумачэньні ў Іванова, палічыў, што апошні кажа няпраўду. Тут жа, у будынку ДАІ, Пётар Іваноў быў затрыманы, на яго склалі пратакол за парушэньне артыкулу 24.4 кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях – наўмысна лжывае тлумачэньне або заява.

А 12:57 12 красавіка міліцэйская машына з затрыманым спынілася ля будынку Першамайскага райсуду. Але яе пасажыры так і засталіся сядзець унутры: менш як праз хвіліну кіроўца націснуў на газ, і аўтамабіль паехаў прэч. Пятра Іванова павезьлі ў РАУС Першамайскага раёну Віцебску, дзе на яго склалі яшчэ адзін пратакол: гэтым разам за парушэньне артыкулу 23.4 КаАП – непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы падчас выкананьня ёй службовых паўнамоцтваў.

На падставе складзеных пратаколаў Пятра Іванова і будуць судзіць. Паводле кожнага з артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу, у парушэньні якіх абвінавачваюць Пятра Іванова, яму пагражае штраф або адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

Пётар Іваноў вядомы ў Віцебску сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Ён зьяўляецца праваабаронцам і ўдзельнікам кампаніі «Гавары праўду». Летась ён ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за сваю грамадзкую дзейнасьць: пасьля таго як ім была зладжаная акцыя ў падтрымку Сяргея Каваленкі, яго пакаралі штрафам у памеры 4-х базавых велічынь.