Завяршыліся важныя этапы выбарчай кампаніі – збор подпісаў па вылучэньні кандыдатаў на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій (УВК). Ужо можна казаць, што ў Кастрычніцкай раённай камісіі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у Віцебску падрыхтоўка і правядзеньне выбараў адбываецца ані адкрыта, ані галосна.

У сераду 17 чэрвеня сябры і валянтэры ініцыятыўнай групы патэнцыйнай кандыдаткі на прэзыдэнцтва Сьвятланы Ціханоўскай падалі падпісныя лісты ў раённыя камісіі па выбарах гораду Віцебску. Агулам у камісіі Першамайскага, Чыгуначнага і Кастрычніцкага раёнаў было пададзена каля 5000 подпісаў за Ціханоўскую.

Праваабаронца Павал Левінаў зьвярнуўся да старшыні ЦК па выбарах Лідзіі Ярмошынай з просьбай адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцтва. На падставе таго, што прэтэндэнт у кандыдаты Лукашэнка выказвае пагрозы жыцьцю простых выбарцаў, папрасіў таксама Ярмошыну паскардзіцца на яго ў Сьледчы камітэт. Ярмошына даслала ліст у адказ.

8 чэрвеня на сустрэчу з Валерам Цапкалам у Віцебску, якая адбылася каля ТЦ «Марка-сіці», прыйшло ня менш за 300 віцяблянаў. Свой выступ палітык пачаў з закліку ставіць свае подпісы за ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва – без выключэньня. Цапкала мяркуе, што такі падыход дасьць магчымасьць кожнаму зь іх рэпрэзэнтаваць свой вобраз Беларусі будучага, каб разумець, у якім напрамку рухацца.

Віцебск стаў другім абласным горадам, куды пасьля Гомля прыехаў патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Віктар Бабарыка, каб сустрэцца зь сябрамі ініцыятыўнай групы і гараджанамі. Сустрэча прайшла далёка ад цэнтру ў яшчэ не зусім прыстасаванай для такіх мэтаў залі офіснага будынку, якая ледзь зьмясьціла ўсіх віцебскіх прыхільнікаў Бабарыкі.