Апошні тыдзень перад так званым адзіным днём галасаваяння ўлады выкарыстоўваюць на поўніцу – ладзяць пікеты за праўладных кандыдатаў, ездзяць па прадпрыемствах, сустракаюцца з людзьмі і праводзяць так званыя дні інфармавання.

Паводле выдання, у Беларусі зараз працягваецца самы яскравы і актыўны этап электаральнай кампаніі, падчас якога кандыдаты ў дэпутаты розных узроўняў распаўсюджваюць друкаваныя матэрыялы, праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі ў памяшканнях, арганізуюць масавыя мерапрыемствы, выступаюць у СМІ. Агітацыйны перыяд працягнецца да 24 лютага ўключна. Пра гэта піша сайт браслаўскай раённай газеты braslav-star.by.

Як піша сайт раённай газеты “Веснік Глыбоччыны”, пікет у падтрымку кандыдата ў дэпутаты так званай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання прайшоў у Глыбокім. Праўда, выданне не называе яго імя. Але на здымках бачны нават сам кандыдат, які прыехаў у горад агітаваць за сябе. Гэта Анатоль Сіўко, дырэктар завода “Ветразь” у Бягомлі, што на Докшыччыне. Яго і павінны будуць прызначыць улады ў так званую Палату прадстаўнікоў на Докшыцкай акрузе №22, у якую уваходзіць Глыбоччына.

Генадзь Сабыніч прыйшоў на сустрэчу са студэнцкай моладдзю разам са сваім намеснікам Віктарам Глушыным. Вялося, канешне, перадусім пра выбары: пра тое, што ў іх удзельнічаць абавязкова для кожнага, бо гэта – адказнасць за будучыню краіны. А вось ускласці на свае плечы дэпутацкія абавязкі старшыня гарвыканкама маладым людзям каіэгарычна не раіў. Маўляў, рана ім яшчэ думаць пра тое, як палепшыць жыццё сваіх землякоў.

На 60 дэпутацкіх месцаў Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў балатуецца 115 кандыдатаў, г.зн. каэфіцыент канкурэнтнасці 1,9 чалавека на мандат. Неабходна адзначыць, што ў 10 акругах балатуецца толькі адзін кандыдат, у 45 - па два і ў 5 - па тры кандыдаты. Усе зарэгістраваныя прэтэндэнты на сайце Вітаблвыканкаму апублікавалі свае перадвыбарчыя праграмы. Прычым усе праграмы напісаны на рускай мове.