Чацвер, 10 Люты 2022

Участковыя камісіі на Лепельшчыне наведалі міжнародныя назіральнікі з краін СНД

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Намеснік дырэктара інфармацыйна-аналітычнага дэпартаменту выканкаму СНД Ісламджан Карымаў і першы намеснік старшыні выканаўчага сакратара СНД Віктар Гумінскі 10 лютага наведалі раённую і ўчастковыя камісіі ў Лепельскім раёне. Пасля завяршэння інспекцыі яны выказалі ўпэўненасць у тым, што будучы «рэферэндум» пройдзе на вельмі высокім арганізацыйна-тэхнічным узроўні.

Службовыя асобы выканкаму СНД паведамілі, што доўгатэрміновыя назіральнікі – 30 чалавек – ужо пачалі працаваць ва ўсіх рэгіёнах краіны, а група кароткатэрміновых назіральнікаў з СНД прыбудзе ў Беларусь за 2-3 дні да пачатку рэферэндуму.

У Лепельскім раёне доўгатэрміновых назіральнікаў цікавіла інфармацыя аб тым, колькі выбарцаў на ўчастках, як і хто вылучаўся ў сябры ўчастковых выбаркамаў, тэхнічная абсталяванасць участкаў. Іх цікавіла, якія пытанні задаюць грамадзяне сябрам УВК.

Міжнародныя назіральнікі наведалі Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, у якім участковую камісію ўзначальвае дырэктар гэтай установы Алег Лебедзь. Ён распавёў назіральнікам, што на выбарчым участку зарэгістравана больш за 2,5 тыс. чалавек, уключаючы амаль 200 навучэнцаў каледжу.

На выбарчым участку №2 у Лепельскай сярэдняй школе №3 намеснік начальніка аддзелу адукацыі Лепельскага райвыканкаму і старшыня УВК Аксана Лясун паведамілі назіральнікам, што ўсе сябры камісіі будуць захоўваць меры засцярогі ў сувязі з ростам захворвання на каронавірус. Для гэтага камісія мае ў наяўнасці медычныя маскі і пальчаткі, а выбарцам сябры камісіі будуць рэкамендаваць прытрымлівацца бяспечнай дыстанцыі і масачнага рэжыму.

Кіраўнік камісіі Аксана Лясун расказала назіральнікам, што звычайна правам галасаваць па-за ўчасткам карыстаецца каля 10% грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у электаральнай кампаніі. Паводле яе прагнозу, праз боязь заразіцца на ўчастку для галасавання каронавірусам, такіх ахвочых на «рэферэндуме» будзе значна больш. Таму для забеспячэння галасавання ў доме, камісія замест адной скрыні для бюлетэняў, як гэта практыкавалася раней, падрыхтавала дзве.

Лявон Яфрэменка