Серада, 15 Ліпень 2015

Віцебскі раён: Збор подпісаў забаронены практычна ўсюды

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Адным зь першых на Віцебшчыне выканаўчы камітэт Віцебскага раёну вызначыўся зь месцамі, у якіх забаронена правядзеньне пікетаваньняў для збору подпісаў па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь.

Згодна з апублікаваным рашэньнем, выканаўчы камітэт забараніў зьбіраць подпісы «на адлегласьці менш за 20 мэтраў ад будынкаў сельскіх выканаўчых камітэтаў, дзіцячых дашкольных устаноў, арганізацыяў аховы здароўя, воінскіх частак, будынкаў раённага аддзелу па надзвычайных сытуацыях установы «Віцебскае абласное ўпраўленьне Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь», аб’ектаў вода-, цепла- і энэргазабесьпячэньня».

Раённыя чыноўнікі абавязалі работнікаў міліцыі забясьпечыць ахову грамадзкага парадку ў месцах правядзеньня пікетаваньня і зрабіць захады для прадухіленьня правядзеньня пікетаў у месцах, забароненых рашэньнем выканкаму.

Таксама аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму дадзенае заданьне разьмясьціць на афіцыйным сайце райвыканкаму і апублікаваць у раённай газэце «Жыццё Прыдзвіння» інфармацыі пра месцы, дзе забароненыя пікеты па зборы подпісаў.

Калі ўлічыць, што да аб’ектаў вода-, цепла- і энэргазабесьпячэньня належаць студні, водныя калёнкі, лініі электраперадач і цеплатрасы, то ў вёсках і сёлах Віцебскага раёну збор подпісаў забаронены практычна ўсюды.

Віцебская вясна