Аўторак, 03 Верасень 2019

У Віцебску пачалі працу абласная і 4 гарадзкія выбарчыя камісіі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
На пачатку працы - фотасэсія... На пачатку працы - фотасэсія...

Раніцай 3 верасьня першыя паседжаньні правялі Віцебская абласная і чатыры гарадзкія выбарчыя камісіі. Былі абраныя старшыні камісій, іх намесьнікі і сакратары, разгледжаныя графікі дзяжурстваў ды іншыя пытаньні. Прагучала нават прапанова прыняць прысягу…

На паседжаньні прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і назіральнік ад Рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсінскі камітэт”.

Старшынём Віцебскай абласной камісіі зноў абраны Дзьмітры Хома, а сакратаром – Сьвятлана Ільюшчанка. Камісія вызначылася з рэглямэнтам працы і графікам дзяжурстваў.

Падчас паседжаньня сябра камісіі Павал Левінаў зрабіў некалькі прапановаў, якія тычыліся розных бакоў працы ТВК.

У прыватнасьці, ён прапанаваў усім членам прыняць “Прысягу Віцебскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі” ды зьвярнуцца ў  Канстытуцыйны суд наконт неканстытуцыйнасьці ўказу прэзыдэнта аб правядзеньні датэрміновых выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня. Гэтыя прапановы не атрымалі падтрымкі з боку астатніх сябраў камісіі. Яны спаслаліся на тое, што прыняцьце прысягі не прадугледжанае заканадаўствам, а таксама на тое што камісіі не надзеленыя правам ініцыятывы зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд.

Прапанаваны Левінавым тэкст прысягі 

А вось заўвага Левінава аб тым, што ў будынку, дзе пачала працаваць Віцебская абласная выбарчая камісія, няма належнай інфраструктуры для людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі, была ўспрынятая членамі камісіі цалкам  станоўча. Было вырашана зьвярнуцца ў Віцебскі аблвыканкам з прапановай у тэрміновым парадку вырашыць гэтую сацыяльна значную праблему.

Уладзімер Цярэнцьеў, Дзьмітры Хома (стаіць) і Павал Левінаў (справа) падчас паседжаньня

На арганізацыйным паседжаньні прысутнічаў старшыня Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў, які зычыў камісіі пасьпяховай і плённай працы і выказаў надзею, што сябры камісіі будуць кіравацца толькі нормамі выбарчага закону для разьвязаньня канфліктных сытуацый і спыненьня парушэньняў з боку суб'ектаў выбарчага працэсу.

Леанід Сьвецік, назіральнік