Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 09 Верасень 2016

Газэта «Віцьбічы» падказвае выбаршчыкам, за каго галасаваць?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
газэта Віцьбічы газэта Віцьбічы

Перадвыбарчыя праграмы некаторых кандыдатаў у дэпутаты, надрукаваныя ў 104-м нумары газэты «Віцьбічы», маюць заўважныя візуальныя адрозьненьні ад астатніх. Буйнейшы шрыфт і выдзяленьне неабходнага тэксту ў праграмах праўладных кандыдатаў наводзіць на думку: сродкамі друку выбаршчыкаў падбухторваюць галасаваць за кандыдатаў ад улады.

Ня трэба быць заўзятым аналітыкам, каб адразу адрынуць магчымае тлумачэньне з боку выдаўцоў. Маўляў, розныя памеры шрыфту абумоўленыя колькасьцю словаў у праграмах кандыдатаў: меншы тэкст – большы памер шрыфту.

Яшчэ большае жангляваньне памерамі тычыцца фотаздымкаў. Тут разыходжаньні куды больш відавочныя: ад некалькіх мілімэтраў да двух цантымэтраў – і, вядома ж, на карысьць праўладных вылучэнцаў. Асабліва буйным атрымалася фота Васіля Чэкана. Дарэчы, у яго і найвялікшы памер шрыфту.

Пра тое, што ўсё гэта зроблена наўмысна, зь веданьнем справы, сьведчыць і той факт, што дзеля запарушваньня чытацкага вока фотаздымак і тэкст заведама непраходнага кандыдата  таксама надрукаваныя большым памерам. Калі што, будзе нагода сказаць: «Паглядзіце, вашы сьцьверджаньні ня маюць пад сабой аніякай падставы».

Казаць можна што заўгодна, але тая «выпадковасьць», што са зьмяншэньнем тэкстаў і фота самых вядомых апазыцыйных кандыдатаў выдаўцы ні разу не памыліліся, зноў жа пераконвае ў слушнасьці выказанага меркаваньня.

У гэтым факце парушэньне роўных магчымасьцяў для ўсіх удзельнікаў выбарчай гонкі заўважнае няўзброеным вокам. Калі падчас выступаў па тэлевізіі і радыё кандыдатам забаранялася выходзіць за межы адведзеных пяці хвілінаў, то чаму пры друку перадвыбарчых праграмаў ім не было прапанавана аддаць у рэдакцыі тэксты з роўнай колькасьцю словаў? Калі ўжо роўныя магчымасьці, то роўныя ва ўсім.

С. Горкі

3 камэнтары