Пятніца, 09 Верасень 2016

Кандыдатка Ірына Яскевіч атрымала папярэджаньне за пікет з удзелам Анатоля Лябедзькі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ірына Яскевіч Ірына Яскевіч

Папярэджаньне вынесла камісія Кастрычніцкай выбарчай акругі № 20 на падставе матэрыялаў праверкі, праведзенай Кастрычніцкім райаддзелам міліцыі Віцебску.

Сярод матэрыялаў, якія даслалі з Кастрычніцкага РАУС у акруговую выбарчую камісію, – раздрукоўкі з сайту АГП, дзе так і напісана: 3 верасьня ў Віцебску праводзіўся пікет для падтрымкі Ірыны Яскевіч. Гэтая фармулёўка і стала «зачэпкай» для міліцыянтаў ды падставай, каб папярэдзіць кандыдатку за парушэньне выбарчага заканадаўства.

Ірына Яскевіч вінаватай сябе ня лічыць: «Я ведаю, што пікеты, сходы і сустрэчы з выбаршчыкамі павінны праходзіць у месцах, вызначаных раённымі адміністрацыямі. І што пляцоўка каля крамы «Эўраопт» на Маскоўскім праспэкце ў гэты пералік не ўваходзіць. Але ж мы не праводзілі вулічную акцыю, проста распаўсюджвалі ўлёткі. Відаць, увагу міліцыянтаў прыцягнуў прыезд у Віцебск партыйнага лідэра Анатоля Лябедзькі, і таму мы аказаліся “ўдзельнікамі несанкцыянаванай акцыі” ».

Рапарт пра «несанкцыянаваную акцыю» на імя начальніка міліцыі Кастрычніцкага раёну Сяргея Стэльмаха падаў супрацоўнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Вяракса. Хаця пакуль міліцыянты не ўважаюць Ірыну Яскевіч за парушальніцу адміністрацыйнага заканадаўства, выбарчая камісія ўжо пакарала кандыдатку. Нельга выключаць, што супраць яе і сябраў ініцыятыўнай групы, якія таксама раздавалі ўлёткі, неўзабаве распачнуць і адміністрацыйную справу: у міліцыянтаў ёсьць відэазапіс падзеяў 3 верасьня, а таксама матэрыялы, зьнятыя відэакамэрамі крамы «Эўраопт».

Радыё Свабода