Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 29 Ліпень 2016

«Хіміку» Аляксею Мілюкову-Жалнову не дазволілі сустрэцца зь Мікалаем Статкевічам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сыну вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова – Аляксею Мілюкову, які адбывае трохгадовае пакараньне ў Наваполацку на «хіміі», не даюць магчымасьці сустракацца з наведвальнікамі.

Ініцыятарам адной з такіх сустрэч выступіў Мікалай Статкевіч, які 17 ліпеня наведваў пікет па зборы подпісаў, што адбываўся у гэты дзень у Наваполацку.

Як паведаміў ПЦ “Вясна” праваабаронца Алег Пашкевіч, папярэдне стэлефанаваўшыся з Аляксеем Мілюковым (Жалновым), Мікалай Статкевіч дамовіўся зь ім пра сустрэчу.

“У двары выпраўленчай установы адкрытага тыпу №15 Статкевіча разам са мной і яшчэ з двума знаёмымі  сустрэў маёр міліцыі, які прадставіўся дзяжурным памочнікам начальніка Пятровым Віктарам Віктаравічам. Запытаўшыся, зь якою мэтай прыехалі 4 чалавекі, і пачуўшы ў адказ, што да Мілюкова, маёр запытаўся ў Мікалая Статкевіча, кім ён даводзіцца Мілюкову. Атрымаўшы адказ, што ён зьяўляецца яго знаёмым, афіцэр адмовіў у сустрэчы, матывуючы гэта тым, што несваякам сустрэча дазволеная толькі са згоды кіраўніка папраўчай установы. Свае дакумэнты Пятроў В.В. прадставіць адмовіўся, а пазьней Аляксей Мілюкоў у тэлефоннай размове пацьвердзіў, што дзяжурным памочнікам у той дзень сапраўды быў Пятроў В.В.”

Нагадаем, што супраць Аляксея Мілюкова-Жалнова, які адбывае трохгадовае пакараньне ў Наваполацку на «хіміі», была распачатая крымінальная справа. Яму выстаўленае абвінавачваньне паводле артыкулу “Ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі”, якое выявілася ў парушэньнях рэжыму ўтрыманьня.

18 ліпеня 2014 года бабруйскі суд пакараў трыма гадамі абмежаваньня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчых калёніях адкрытага тыпу жыхара Бабруйску Жалнова-малодшага. Яго асудзілі паводле артыкулу «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Пасьля суду Аляксей адбываў пакараньне ў Гомелі. Спрабаваў дамагчыся пераводу на гэтак званую «хатнюю хімію» ў Бабруйск. Паводле бацькі, сынавыя намаганьні не далі плёну: Аляксею толькі вынесьлі два спагнаньні і перавялі яго ў Наваполацак.

Інцыдэнт паміж Жалновымі і міліцыянтамі здарыўся ў верасьні 2014 году ля будынку бабруйскага ДАІ. Жалноў-старэйшы ўбачыў машыну, прыпаркаваную, як ён сьцьвярджае, з парушэньнем правілаў дарожнага руху, і пачаў здымаць факт парушэньня на відэа. Потым зьвярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, зьвінавацілі Жалнова-старэйшага ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. У выніку абодвух Жалновых, як яны сьцьвярджаюць, гвалтам зацягнулі ў міліцэйскі будынак. Найбольш пацярпеў Жалноў-малодшы, на якога надзелі кайданкі.

spring96.org