Чацвер, 08 Верасень 2016

У Віцебску падпісалі дакумэнт пра супрацу дзяржавы з праваслаўнай царквой

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
У Віцебску падпісалі дакумэнт пра супрацу дзяржавы з праваслаўнай царквой Фота: Дзьмітры Восіпаў

Праграма мер па выкананьні пагадненьня аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой у Віцебскай вобласьці на 2016 – 2020 гады была падпісаная ў аблвыканкаме 31 жніўня.

Гэты важны дакумэнт завізавалі ад імя аблвыканкаму – старшыня Мікалай Шарстнёў, ад Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы – архіяпіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітры, Полацкай епархіі БПЦ – архіяпіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосі.

Адкрываючы цырымонію, старшыня абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў адзначыў, што царква стала адной з найважнейшых сацыяльных інстытуцыяў, чый гістарычны досьвед, духоўны патэнцыял і шматвяковая культурная спадчына аказваюць істотны ўплыў на фармаваньне традыцыяў беларускага народу. Узаемадзеяньне з царквой – важны чыньнік грамадзкай стабільнасьці, грамадзянскага адзінства і міжканфэсійнага міру на беларускай зямлі.

Царкве гарантуецца свабода ўнутраных арганізацыяў, адпраўленьне культавых абрадаў, іншых відаў дзейнасьці, права царкоўнай юрысдыкцыі на сваёй кананічнай тэрыторыі ў межах Канстытуцыі і заканадаўства Беларусі. Для царквы дзяржава – гарант захаваньня духоўных і культурных традыцыяў беларускага народу, у тым ліку гістарычна сфармаваных пад уплывам царквы. Стаўленьне да дзяржавы грунтуецца на павазе да яе як да сацыяльнай інстытуцыі, закліканай забясьпечыць грамадзкі парадак, абараняць нацыянальныя інтарэсы, маральнасьць, ахоўваць духоўныя і культурныя каштоўнасьці народу.

Супраца зь дзяржавай актывізуе дзейнасьць царквы, пашырае магчымасьці для процідзеяньня псэўдарэлігійным структурам, небясьпечным для асобы і грамадзтва. Прыярытэтныя кірункі супрацы – выхаваньне і адукацыя, культура і творчая дзейнасьць, ахова, аднаўленьне і разьвіцьцё культурна-гістарычнай спадчыны, ахова здароўя, сацзабесьпячэньне, міласэрнасьць, падтрымка інстытуту сям'і, мацярынства і дзяцінства, дбаньне пра асобаў у месцах пазбаўленьня волі, выхаваўчая, сацыяльна-псяхалягічная праца з вайскоўцамі, ахова навакольнага асяродзьдзя.

Па ўсіх гэтых накірунках шмат зроблена ў межах праграмы мер па рэалізацыі пагадненьня ў вобласьці на 2011 – 2015 гады. Цяпер, як сказаў прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, вельмі важна працягнуць узаемадзеяньне дзяржавы і царквы па ўмацаваньні маральных асноваў грамадзтва, захаваньні культурнай спадчыны і разьвіцьці сацыяльнага служэньня.

Віншуючы удзельнікаў цырымоніі, Мікалай Шарстнёў назваў гэты дзень гістарычным, правільным, а дакумэнт – залогам таго, што ў грамадзтве мусяць быць мір, лад, спакой. Архіяпіскап Дзімітры заклікаў бакі выконваць сваю справу зь любоўю, згодна з запаведзямі Божымі – тады будзе належны вынік. Архіяпіскап Феадосі ад імя епархіі, кліру і паствы выказаў глыбокую падзяку кіраўніцтву краіны і Віцебшчыны за ўсебаковую дапамогу праваслаўнай царкве Беларусі ва ўмацаваньні духоўнасьці і на знак удзячнасьці паднёс кіраўніку вобласьці Эвангельле.

Галіна Шпакоўская, vitvesti.by