Серада, 24 Жнівень 2016

Дэлегацыя рабінаў, якую не хацелі пускаць у Беларусь, усё-такі наведала Лёзна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Дэлегацыя юдэйскіх сьвятароў змагла дабрацца ўвечары 22 жніўня да беларускага гораду Лёзна. У райцэнтар прыбылі прыкладна 500 рабінаў з 30 краін Эўропы. Раней супрацоўнікі памежнага ўпраўленьня ФСБ Расеі па Смаленскай вобласьці не прапусьцілі дэлегацыю ў Беларусь.

Сытуацыя вырашылася станоўча: пасьля праверкі дакумэнтаў на мяжы, дэлегатаў пусьцілі ў краіну, і яны накіраваліся ў райцэнтар у суправаджэньні ДАІ. Сьвятары бяруць удзел у кангрэсе рабінаў Эўропы, які праходзіць у Маскве 18-24 жніўня. Яны наведваюць месцы, зьвязаныя з памяцьцю пра загінулых габрэях. Адно зь іх – беларускі райцэнтар Лёзна.

У дэлегацыі шмат грамадзян трэціх дзяржаў, якія не ўваходзяць у Саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі. У сувязі з тым, што такія грамадзяне павінны перасякаць дзяржаўную мяжу ў міжнародных пунктах пропуску, іх не прапусьцілі з Расеі. Акрамя таго, у многіх чальцоў дэлегацыі не было беларускіх віз.

Аднак сытуацыя ў выніку вырашылася. У Лёзьне рабінаў сустрэў упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка. Юдэйскія сьвятары наведалі мэмарыял "Адаменская горка", дзе памаліліся аб габрэях, якія загінулі ў гады Другой сусьветнай вайны. У лютым 1942 году тут адбыўся адзін з самых масавых расстрэлаў мірных жыхароў – былі забітыя прыкладна 1,5 тысячы чалавек, сярод якіх сваякі вядомага ў сьвеце мастака Марка Шагала.

БелаПАН