Суд Чыгуначнага раёну гораду Віцебску 1 кастрычніка прызнаў тэлеграм-канал, тэлеграм-чат і ютуб-канал EXOMON экстрэмісцкім. Разгляд грамадзянскай справы заняў усяго 5 хвілін. Рашэнне прымала суддзя Святлана Варатынская. Заяву ў суд з патрабаваннем прызнаць гэтыя рэсурсы экстрэмісцкімі падавала сёмае ўпраўленне ГУБАЗіК МУС па Віцебскай вобласці.

Віцяблянін Юры Серабро быў прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 368 КК РБ). За невялікі каментар у «Інстаграм», у якім мужчына параўнаў Лукашэнку з Люцыферам, суддзя Сняжана Кіндзеева асудзіла яго на 1 год і 6 месяцаў калоніі. Серабро ўзялі пад варту проста ў зале суду. Увесь працэс, не лічачы перапынку, доўжыўся ўсяго 40 хвілін.

5 жніўня прэс-сакратар МУС РБ Вольга Чамаданава паведаміла, што пастановай суду Чыгуначнага раёну Віцебску інфармацыйны рэсурс «Чорная кніга артыстаў Беларусі / Белая кніга артыстаў Беларусі» прызнаны экстрэмісцкім. Падставай для такога рашэння сталі матэрыялы праверкі ўпраўлення ГУБОПіК МУС па Віцебскай вобласці.

4 жніўня суд Докшыцкага раёну разгледзеў адміністрацыйную справу журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. Суддзя Дзяніс Корсак прызнаў журналіста вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (арт. 23.5 КаАП) і пастанавіў спагнаць з Лупача 30 базавых велічыняў (870 рублёў).

Журналістка паведаміла ў сваім блогу у Фэйсбуку аб тым, што выйшла з рэдакцыі найстарэйшага віцебскага выдання "Віцебскі кур'ер". Прычынай гэтага кроку стала немагчымасць ў цяперашніх грамадска-палітычных умовах рэалізаваць сябе ў журналісцкай прафесіі.