Панядзелак, 01 Снежань 2014

У Віцебску працягваюцца суды над удзельнікамі журналісцкай фотасэсіі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску працягнуліся слуханьні адміністрацыйных спраў віцебчукоў, якія далучыліся да сусьветнай кампаніі ў падтрымку свабоднай журналістыкі, сфатаграфаваўшыся на фоне вядомага ў горадзе графіці. 1 сьнежня разглядам спраў журналіста Кастуся Мардзьвінцава і каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяны Севярынец займалася судзьдзя Алена Цыганкова, а з боку абвінавачваньня выступаў усё той жа начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі РАУС Чыгуначнага раёну Віцебску маёр Аляксандар Рыбакоў.

Улады вінавацяць грамадзян у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КаАП).

Першай аб 11-й гадзіне раніцы разглядалася справа Кастуся Мардзьвінцава. Напачатку  судзьдзя, спаслаўшыся на невялікую плошчу свайго габінэту, запрасіла да сябе толькі абвінавачванага паводле адміністрацыйнай справы журналіста і прадстаўніка праваахоўных органаў. Абураныя гэткімі паводзінамі прысутныя журналісты і праваабаронцы зьвярнуліся да старшыні Чыгуначнага суду, якая ў выніку дазволіла разьмясьціцца ў габінэце яшчэ некалькім прысутным, аднак большасьць ахвочых так і ня трапіла на разгляд справы.

Віцебскі журналіст абверг высунутыя супраць яго абвінавачваньні і запатрабаваў, каб справа вялася на беларускай мове, але судзьдзя адхіліла ягонае хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што спадар Мардзьвінцаў вучыўся ў расейскай школе, таму, маўляў, разумее расейскую мову. Таксама не было задаволенае хадайніцтва пра ўдзел ў паседжаньні перакладчыка. Ня быў задаволены і адвод судзьдзі.

Кастусь Мардзьвінцаў абверг аргументы сваіх апанэнтаў, пераканаўшы прысутных у тым, што міліцыя ня мае нават дакладных доказаў наконт даты правядзеньня акцыі. Перадрукаваныя ж зь Сеціва фотаздымкі, на якіх зафіксаваная дата правядзеньня пэрформансу, зь лёгкасьцю можа быць зьмененая на любую патрэбную. Што і было прадэманстравана судзьдзі на кампутары.

Журналіст, спаслаўшыся на Канстытуцыю РБ, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох, пераканаўча аргумэнтаваў, што нават калі б праведзеная акцыя не была пэрформансам ці фотасэсіяй, а сапраўды пікетам, усё адно няма ніякіх падставаў караць удзельнікаў фотасэсіі за выказваньне імі сваіх меркаваньняў.

Суд, аднак, ня ўзяў пад увагу ані лёгіку, ані літару закону і вынес загадзя заплянаванае рашэньне: штраф у 20 базавых велічыняў (3 мільёны рублёў).

А 12-й гадзіне, ужо ў вялікай судовай залі, распачаўся працэс-блізьнюк  над Тацьцянай Севярынец. Спадарыня Тацьцяна выказала недавер суду і ўсёй тутэйшай судовай сыстэме, але гэтыя заўвагі не былі пачутыя. Яна зазначыла, што выкладзеныя ў пратаколе факты не маюць аніякага дачыненьня да таго, што адбывалася насамрэч. Абвінавачваньні надуманыя, а таму яна зь імі ня можа пагадзіцца. Ейная апэляцыя да Канстытуцыі, як найгалоўнейшага закону краіны, які дазваляе вольна выказваць грамадзянам свае перакананьні, быў ізноў праігнараваны судзьдзёй.

Напрыканцы паседжаньня Тацьцяне Севярынец былі прыгаданыя ейныя мінулыя адміністрацыйныя справы трохгадовай даўніны. Відаць, з пункту гледжаньня  існага тут “правасудзьдзя” паважаную ў Віцебску грамадзянку можна лічыць ледзьве не рэцыдывісткай. Мабыць, таму спадарыня Тацьцяна атрымала і самы высокі на сёньняшні дзень штраф – у 25 базавых велічыняў (3 мільёны 750 тысяч).

Тым часам у памяшканьне суду быў дастаўлены Пётар Берлінаў – шараговы мінак, які выпадкова далучыўся да фотасэсіі. Зь невядомых прычын спадара Берлінава затрымалі 28 лістапада проста на вуліцы, на яго склалі пратакол правапарушэньня і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён прабыў аж да суду 1 сьнежня. На пачатку разгляду адміністрацыйнай справы за фотасэсію Пётар Берлінаў заявіў пра сваё права на абаронцу, і ў выніку ягоны суд перанесьлі на 3 сьнежня.