У відэакліпе выкарыстаны кадры відэахронікі паслявыбарчых мірных пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Што да самой песні, то, паводле Ігара Палынскага, гэта прысвячэнне « усім творцам, якія не змаглі маўчаць – і апынуліся за кратамі», усім палітычным дзеячам, «пазбаўленым волі за любоў да Беларусі», «усім, хто спазнаў адміністратыўны і крымінальны пераслед за тое, што асмеліўся мець пазіцыю», «хто праз пагрозы быў вымушаны з’ехаць за мяжу і не мае магчымасці вярнуцца дамоў, але імкнецца наблізіць перамогу здаровага сэнсу ў Беларусі», прысвячэнне «журналістам, якія аказваюцца за кратамі проста таму, што робяць сваю работу, і ўсім медыя, хто ад 9 жніўня застаецца на баку дабра» і «рэквіем па Аляксандру Тарайкоўскаму, Мікіту Крыўцову, Раману Бандарэнку і ўсім загінулым падчас пратэстаў у Беларусі».
Ігар Палынскі кажа, што да 2020-га году натхнёна пісаў песні пра каханне і любоў, але пасля 2020г. гэта стала немагчымым: «апынулася пад забаронай любоў да сваёй краіны і яе жыхароў, імкненне да праўды і шчырасці, да міру без умоў і запужванняў» Таму песня «2020» – гэта яшчэ і «ода беларусам», якія не пабаяліся выйсці за праўду: «медыкам, рабочым «Гродна- Азоту» і іншых заводаў, спартсменам, акцёрам, блогерам, валанцёрам і ўсім беларусам, якія не апускаюць рукі».
Міхась Хмара