Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 10 Красавік 2022

Віцебскія ўлады перакройваюць рэгіянальную інфармацыйную прастору

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пракуратура Віцебскай вобласці паведамляе пра тое, што яе супрацоўнікі рэгулярна праводзяць маніторынг сродкаў масавай інфармацыі на прадмет выяўлення інфармацыі дэструктыўнага характару. З пачатку года пракуратурамі накіравана ў суды 30 заяў па прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пры гэтым 25 заяў ужо разгледжаны і задаволены. 

Сціск інфармацыйнага поля ў вобласці адбываецца не толькі за кошт апазіцыйных і незалежных рэсурсаў, але і за кошт дзяржаўных СМІ. 

5 красавіка ў Глыбокім на выязной калегіі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама было абвешчана аб радыкальнай змене працы рэдакцый газет, якія выдаюцца ў раённых цэнтрах. 

У сувязі з стратнасцю рэдакцыя газеты “Жыццё Прыдзвіння” (Віцебскі раён) спыняе працу як самастойная ўстанова і неўзабаве яе аб'яднаюць з газетай горада Віцебска – “Віцьбічы”. 

Тры стратныя раённыя газеты Дубровенскага раёна - "Дняпроўская праўда", Расонскага - "Голас Расоншчыны" і Шаркаўшчынскага - "Кліч Радзімы", увойдуць у холдынг, створаны на базе рэдакцыі абласной газеты "Віцебскія весці". 

Адбудзецца аптымізацыя, г.зн. пройдуць скарачэнне штатаў газет "Лепельскі край" (Лепельскі раён) і "Чырвоны прамень" (Чашніцкі раён). 

Акрамя таго, ідэолагі анансавалі частковы пераход усіх друкаваных выданняў у інтэрнет, што дазволіць зэканоміць значныя сродкі рэдакцый на адмове ад паслуг друкарняў.

 Іван Чайка