Субота, 02 Красавік 2022

Міліцыя канфіскавала аргтэхніку ў віцебскага блогера, які прыдумаў «Ябацькіны новасти»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Віталь Усціновіч. Скан відэа Віталь Усціновіч. Скан відэа

Вядомы віцебскі відэаблогер Віталь Усціновіч трое сутак адбыў у ізалятары часовага ўтрымання. Па выхадзе на волю ён паведаміў, што міліцыянты забралі ў яго ўсю аргтэхніку, таму ягоны youtube-канал, які мае больш за 45 тыс падпісчыкаў, пакуль застаецца без новых відэаролікаў. Ці выставілі яму абвінавачанне, блогер не паведамляе. І прычынаў затрымання не называе.

Жыхары Віцебску, і не толькі яны, ведаюць Віталя Усціновіча як стваральніка вобраза «деда Шоушенко». Гэты персанаж мае вусы, размаўляе на трасянцы і ўвесь час даказвае сваім апанентам, што лепш за іх разбіраецца ў палітыцы, эканоміцы і ўвогуле ва ўсіх сферах беларускага жыцця.

Таксама блогер з’яўляецца стваральнікам сатырычнага цыклу «Ябацькіны новасти», дзе аналізуе палітычныя падзеі ў Беларусі. У відэароліках Віталя Усціновіча сустракаюцца фрагменты відэазапісаў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, Лідзіі Ярмошынай, Рыгора Азаронка, іншых пазнавальных асобаў. І пасля прагляду такіх «навінаў» гледачам найчасцей становіцца не весела, а наадварот…

Апрача сатырычных выпускаў, на канале Віталя Усціновіча можна паглядзець ягоныя «кулінарныя выпрабаванні», дзе ён дэгустуе прадукцыю, якую можна набыць у тутэйшых крамах, «відэа-экспедыцыі» па закінутых вёсках Віцебшчыны і па зачыненых віцебскіх прадпрыемствах. Здымаў блогер таксама  мясцовыя палітычныя падзеі, у прыватнасці, сустрэчы ў Віцебску з кандыдатамі напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Матэрыялы гэтых прамых трансляцый і цяпер захоўваюцца на канале Віталя Усціновіча. Верагодна, у відэароліках віцебскага блогера будуць шукаць «экстрэмізм», як гэта было, прыкладам, з відэаблогеркай Аленай Янушкоўскай і ксяндзом Вячаславам Барком, чые выступы на Youtube амаль паўгода вывучаў следчы камітэт.

Феліцыян Красоўскі