Субота, 05 Сакавік 2022

Фотамастак Віктар Барысенкаў пасля 10 сутак арышту працягнуў весці «турэмны дзённік»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Віктар Барысенкаў Віктар Барысенкаў

Вядомы віцебскі фотамастак  і краязнаўца выйшаў на волю пасля 10-суткавага арышту, прысуджанага яму за нібыта прапагандаванне нацысцкай сімволікі. Суд Кастрычніцкага раёну пакараў яго паводле ч. 1 арт. 19.10 КаАП яшчэ ўвосень, але адбываць арышт спадара  Барысенкава забралі акурат незадоўга да «рэферэндуму» – 21лютага.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён напісаў, што «перад рэферэндумам была зачыстка, я зразумеў гэта ўжо ў «боксе» РАУС, дзе апынуўся разам з хлопцам, якога затрымалі за відэа з «Экстрэмісцкім» лагатыпам у «TikTok», выкладзенае яшчэ ў 2015 годзе». У ноч пасля «рэферэндуму» людзей прывозілі партыямі, прыгадвае Віктар Барысенкаў, а потым доўга перасялялі людзей з камеры ў камеру, каб «палітычных» размясціць асобна. Таму ў адных камерах «спакойна варыўся чыфір, і стаяла завеса цыгарэтнага дыму, а ў іншых днём былі згорнуты матрацы, ноччу не выключалася верхняе святло, і забіралі ўсе кнігі».

Свае допісы – кароткія эсэ пра ўражанні ад апошняга арышту – Віктар Барысенкаў размясціў пад нумарамі. Такім чынам атрымаўся працяг «турэмнага дзённіка», распачатага яшчэ некалькі месяцаў таму. З апошніх успамінаў  фотамастака і краязнаўцы пра жыццё за кратамі вынікае, што ў зняволенні парушаюцца самыя элементарныя правы асобы. І не проста парушаюцца: нават само гэта словы ператвараецца ў здзек.

Прыкладам, на просьбу паклікаць доктара хвораму вязню адмаўляюць, а на пытанне «Мне што, паміраць тут?» гучаць адказ: «Гэта вашае права».

Распавёў Віктар Барысенкаў і пра сваіх «сукамернікаў» – тых людзей, з якімі яму давялося пазнаёміцца за 10 сутак арышту, падчас якога быў змушаны змяніць 5 камер. Гэта «лекар Хуткай дапамогі, два праграмісты, фатограф  прадпрымальнік, дацэнт, ён жа палітвязень» (якраз тым часам быў затрыманы і змешчаны ў ІЧУ былы палітзняволены, навуковец Міхаіл Жамчужны, якога Віктар Барысенкаў пазнаў за кратамі). Асобна ён прыгадвае студэнта Максіма, і тое, што ён зрабіў для зняволенага краязнаўцы папяровую птушку -арыгамі. Праўда, на выхадзе ахоўнік палічыў папяровага “жураўліка” нейкай крамолай ды разарваў…

За апошнія паўгода Віктар Барысенкаў трапляў у ізалятар часовага ўтрымання  два разы, але за адно й  тое самае: яго двойчы звінавацілі за публікацыю ў сацыяльных сетках архіўнага фотаздымка, які кожны ахвотны можа лёгка знайсці ў інтэрнэце. Гэта дакументальны здымак часоў вызвалення Віцебску ад нацыстаў у 1944 годзе, на якім савецкія салдаты разглядаюць трафейны сцяг са свастыкай. Менавіта ён стаў падставай для таго, каб краязнаўцу асудзілі за «прапаганду» фашызму.

Феліцыян Красоўскі