Нядзеля, 09 Студзень 2022

У Віцебскай вобласці прызнанне медыярэсурсаў экстрэмісцкімі пастаўленае на канвеер

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У апошняй дэкадзе снежня 2021 году рашэннем раённых судоў Віцебскай вобласці 14 медыярэсурсаў былі залічаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пры гэтым суды скарысталіся правам неадкладнага выканання сваіх рашэнняў, паколькі, на думку суддзяў, прамаруджванне ў выкананні рашэння можа прывесці да значнай шкоды для дзяржавы або зрабіць немагчымым самое выкананне.

Так, рашэннем суду Чыгуначнага раёну Віцебску носьбітамі экстрэмісцкіх матэрыялаў сталі інтэрнэт-рэсурс «Чорная кніга акупантаў і памагатых рэжыму – Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!», Telegram-канал «Стачка Нафтана», Instagram-паблік «Стачкам ААТ «Нафтан», суполка ў сацсетцы «ВКонтакте» «Стачка ААТ «Нафтан», старонка ў Facebook «Стачкам ААТ »Нафтан«, суполка сацыяльнай сеткі »ВКонтакте« »Гэта Віцебск, дзетка! [Тыповы Віцебск]«.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску вырашылі, што Telegram-каналы з назвамі »Хопіць Баяцца! – Таццяна Мартынава«, »КДБ З НАРОДАМ!«, »Армія з Народам – ​​Chat«, »Армія з народам« і »Партызаны 97%« маюць кантэнт экстрэмісцкага зместу.

У судзе Гарадоцкага раёну Віцебскай вобласці пагадзіліся з меркаваннем праваахоўнікаў аб экстрэмісцкім змесце публікацый, размешчаных у Telegram-чаце »Гарадок для Жыцця NEW« і Telegram-групе «Гарадок 97%». Падобнае рашэнне прыняў і суд Наваполацку ў дачыненні да Тelegram-каналу «Стачка Нафтана».

Цяпер улады не абцяжарваюць сябе абавязкам называць, у адпаведнасці з патрабаваннем нарматыўна-прававых дакументаў, публікацыі, праз якія яны ўносяць медыярэсурс у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Апошнім часам гэтая працэдура мае фармальны характар, а суды выносяць рашэнне канвеерным спосабам.

Неабходна адзначыць, што практычна ва ўсіх выпадках ініцыятыва падачы заяваў у суды аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі сыходзіць ад кіраўніцтва 7-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБАЗІКа МУС Рэспублікі Беларусь.

Алег Кунін