Друкаваць гэтую старонку
Субота, 01 Студзень 2022

За абразу пракурора віцябляніна асудзілі на паўтара года «хіміі» і вялікі штраф

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

29 снежня суд Бешанковіцкага раёну вынес абвінаваўчы прысуд у крымінальнай справе ў дачыненні 35-гадовага жыхара Віцебску, які нібыта абразіў памочніка пракурора Віцебску. На падставе арт.369 КК мужчыну прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год 6 месяцаў і штрафу ў 2900 рублёў.

У судовым паседжанні абвінавачаны раскаяўся ў зробленым і прызнаў віну ў поўным аб'ёме. Як сцвярджаецца, падсудны добраахвотна, а не па рашэнні суду, пералічыў 700 рублёў на разліковы рахунак дзіцячага дома, а таксама 200 рублёў – на разліковы рахунак прытулку для жывёлаў.

Апроч таго, суд пастанавіў прымяніць да падсуднага спецыяльную меру, прадугледжаную крымінальным законам, якая дае магчымасць канфіскаваць прадметы і сродкі, з дапамогай якіх было ўчыненае злачынства – мабільны тэлефон iPhone перайшоў ва ўласнасць дзяржавы.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Міхась Пісараў