Субота, 13 Лістапад 2021

Мінінфарм адмовіўся разбірацца з раёнкай «Чырвоны прамень» за распаўсюд экстрэмізму

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Міністэрства інфармацыі даслала 11 лістапада афіцыйны адказ на петыцыю з просьбай звярнуць увагу на кантэнт, размешчаны на афіцыйным сайце чашніцкай раённай газеты «Чырвоны прамень». Аўтары петыцыі западозрылі рэдакцыю і яе супрацоўнікаў у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і прасілі чыноўнікаў зрабіць адпаведныя захады. Адказ з міністэрства падпісаны першым намеснікам міністра інфармацыі Андрэем Кунцэвічам.

Петыцыя з просьбай правесці праверку ў дачыненні да чашніцкай раёнкі з'явілася 23 кастрычніка. 1 лістапада яе накіравалі ў дзяржаўныя органы, у тым ліку – у Міністэрства інфармацыі. Аўтары звароту сцвярджалі, што на сайце газеты ў артыкуле пад назвай «Ваенны камісар Чашніцкага раёну запрашае кандыдатаў на пасаду па ваенна-патрыятычным выхаванні» размешчаны фотаздымак з лагатыпам інфармацыйнага агенцтва, якое улады прызналі экстрэмісцкім. Прасілі вынесці рэдакцыі «Чырвонага праменя» папярэджанне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці паводле адміністрацыйнага арт. 19.11 («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Чыноўнікі з міністэрства адмовіліся праводзіць праверку раёнкі. «Паведамляем, што Мінінфарм не мае паўнамоцтваў на правядзенне праверак, устанаўленне фактаў, прыцягненне да адказнасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, а ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб СМІ», – гаворыцца ў адказе.

Намеснік міністра Андрэй Кунцэвіч паведамляе, што «на момант разгляду ў межах кампетэнцыі Вашага звароту, згаданы ў ім фотаздымак на інтэрнэт-рэсурсе chyrvonka.by адсутнічаў». Вывучыўшы прыкладзены скрыншот, ён не стаў адмаўляць наяўнасці там лагатыпа выдання, занесенага ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, але паведаміў, што ўсё роўна не можа вынесці рэдакцыі афіцыйнае папярэджанне, бо сайт не зарэгістраваны як сеткавае выданне. Пры гэтым паведаміў, што ўладальнікам сайта зʼяўляецца рэдакцыя «Чырвоны прамень».

Чаму нельга выпісваць папярэджанні рэдакцыі, якая афіцыйна валодае сайтам, а значыцца, размяшчае там матэрыялы, ён тлумачыць не стаў. Толькі паведаміў, што з кіраўніцтвам рэдакцыі правялі тлумачальную гутарку аб неабходнасці прытрымлівацца заканадаўства. Рэдакцыя паабяцала надалей не выкарыстоўваць падобныя матэрыялы.То бок, па сутнасці, і рэдакцыя раённай газеты і міністэрства інфармацыі прызналі факт размяшчэння экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але рабіць якія-небудзь істотныя дзеянні адмовіліся. Толькі выдалілі артыкул з фотаздымкам з сайту.

Пры гэтым незалежныя сродкі інфармацыі атрымліваюць у такіх выпадках вялікія штрафы і папярэджанні. Так, «Гродна Лайф Медыя», уладальніка і выдаўца сайта Hrodna.life аштрафавалі на 14500 рублёў за фатаграфію з лагатыпам тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім. А рэдактара спецпраектаў сайта Ірыну Новік аштрафавалі на 725 рублёў. У супрацоўнікаў рэдакцыі праходзілі ператрусы з канфіскацыяй аргтэхнікі.

Уладзімір Бяляўскі