Субота, 09 Кастрычнік 2021

Супраць былога палітвязня Сяргея Каваленкі распачалі крымінальную справу.

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Сяргей Каваленка на судзе ў лютым 2012 году. Фота: Сяргей Серабро Сяргей Каваленка на судзе ў лютым 2012 году. Фота: Сяргей Серабро

Былога палітвязня Сяргея Каваленку, які ў 2010 годзе вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на каляднай ялінцы ў цэнтры Віцебску, цяпер абвінавачваюць у знявазе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК РБ). Пра гэта паведаміла былая жонка актывіста Алена Каваленка. Артыкул прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі. Аднак ужо больш за два гады Сяргей Каваленка жыве і працуе на тэрыторыі іншай краіны.

Пра тое, што супраць былога мужа была распачатая крымінальная справа, Алена Каваленка даведалася з тэлефоннай размовы са следчым Валянцінам Сухавеявым, які выклікаў яе на допыт у якасці сведкі па справе. Інфармацыяй супрацоўнік дзяліўся неахвотна.

«Спачатку наагул нічога не казаў. Маўляў, трэба дапытаць вас у якасці сведкі, шмат пытанняў, вось прыйдзеце і пагаворым. Але праз 10 хвілін размовы пачаў казаць больш канкрэтна. Паведаміў, што супраць Сяргея распачалі крымінальную справу», – расказала Алена Каваленка.

Паводле яе, у дачыненні Сяргея Каваленкі ў жніўні 2021 году менскім СК сумесна з КДБ была заведзеная крымінальная справа паводле арт.370 КК («Знявага дзяржаўных сімвалаў»). Нагодай нібыта паслужыў нейкі відэазапіс у інтэрнэце. Які менавіта і на якім рэсурсе, следчы не ўдакладніў.

Алена Каваленка папрасіла следчага даслаць афіцыйную позву, але ён адмовіўся. Таму яна вырашыла пакуль не хадзіць на допыт. Кажа, што невядома чым можа скончыцца такі візіт. Менавіта гэтак быў калісьці арыштаваны Сяргей Каваленка: яго выклікалі на размову і ўжо не адпусцілі. Спадарыня Алена будзе чакаць афіцыйнай паперы.

Актывіст партыі КХП-БНФ Сяргей Каваленка стаў вядомым ва ўсёй краіне, калі на Каляды 7 студзеня 2010 году вывесіў нацыянальны сцяг на верхавіне святочнай яліны на плошчы Перамогі ў Віцебску. За гэты ўчынак быў прысуджаны да трох гадоў «хатняй хіміі». Потым быў зноў затрыманы (за парушэнне рэжыму адбывання) і асуджаны на два гады і адзін месяц калоніі агульнага рэжыму. Сяргей трымаў працяглыя галадоўкі. Праваабаронцамі быў прызнаны палітвязнем. 26 верасня 2012 года яго вызвалілі.

Віталь Емяльянаў