Серада, 14 Кастрычнік 2020

З СІЗА выйшлі Казакевіч і Лазараў. Пасля вызвалення ў кватэры Казакевіча адбыўся ператрус

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Зміцер Казакевіч Зміцер Казакевіч

14 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску суддзя Міхаіл Юрчанка разгледзеў дзве адміністрацыйныя справы ў дачыненні да журналіста «Белсату» Змітра Казакевіча і адну ў дачыненні да аператара «Белсату» Вячаслава Лазарава. Да суду журналісты трое содняў правялі ў СІЗА. Суд праходзіў у анлайн-рэжыме праз Skype.

11 кастрычніка незалежныя журналісты амаль адначасова былі затрыманыя на скрыжаванні праспектаў Будаўнікоў і Перамогі ў раёне лядовага палацу. Паводле пратаколу, Казакевіча абвінавацілі ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а Лазарава – у пікетаванні.

Сваёй віны ні Вячаслаў Лазараў, ні Зміцер Казакевіч не прызналі. Маўляў, мелі намер выконваць свае прафесійныя абавязкі, але былі затрыманыя яшчэ да пачатку іх выканання.

У судзе ў якасці сведкаў былі апытаныя два супрацоўнікі Першамайскага РАУС прапаршчыкі Цітоў і Нікіфараў. У затрыманні журналістаў яны не ўдзельнічалі, а рапарты склалі са словаў тых, хто затрымліваў. Сказаць нешта па сутнасці ніхто з іх не здолеў.

Адвакат журналістаў паказаў суду запіс з асабістага тэлефона дзяўчыны, якая ў момант затрымання журналістаў знаходзілася на аўтобусным прыпынку і зафіксавала акалічнасці арышту. Яе таксама апыталі ў судзе. Яна пацвердзіла праўдзівасць свайго запісу і паведаміла, што Лазарава затрымалі наўпрост на астраўку бяспекі на пераходзе.

Адвакат заклікаў суд спыніць справу паводле ч.1, арт.23.34 КаАП праз адсутнасць у дзеяннях сваіх падабаронных складу правапарушэння. Даследаваныя матэрыялы і апытанні сведкаў пацвердзілі, што ніякага ўдзелу ў масавым мерапрыемстве журналісты не бралі і адміністрацыйных правапарушэнняў не чынілі.

Суддзя Міхаіл Юрчанка пагадзіўся з меркаваннем адваката і пастанавіў справы ў дачыненні Казакевіча і Лазарава спыніць. Ад імя суду Юрчанка прынёс прабачэнне за дзеянне органу, які вёў адміністрацыйны працэс.

Следам Юрчанка разгледзеў у дачыненні да Казакевіча яшчэ адну справу па ч.1, арт. 23.34 КаАП, якая вярнулася ў суд пасля дапрацоўкі. У адным з эпізодаў шэсця, якое адбылося 6 верасня на скрыжаванні Леніна і Замкавай Зміцер Казакевіч апынуўся ў натоўпе грамадзянаў, якія супрацьстаялі дзеянням міліцыянтаў. На нейкі момант Казакевіч трапіў у самы вір падзеяў і ўшчыльную зліўся з пратэстоўцамі. Гэтая акалічнасць дала падставу міліцыянтам абвінаваціць журналіста ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Маўляў, журналіст не апрануты ў камізэльку журналіста, не працуе як журналіст і хапае рукамі іншых удзельнікаў сутыкнення.

Зміцер патлумачыў, што гэты эпізод непрацяглы па часе. У тым месцы вузкія ходнікі і ўхіліцца ад судакранання з удзельнікамі не было магчымасці.

Адвакат звярнуў увагу на тое, што інфармацыя, выкладзеная ў пратаколе, не знайшла свайго аб’ектыўнага пацверджання. Казакевіч прысутнічаў там як журналіст, і відэазапіс цалкам не засведчыў яго вінаватасці ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Гэтым разам з аргументамі адваката суддзя не пагадзіўся, прызнаў Змітра Казакевіча вінаватым і прысудзіў яму тры содні арышту, залічыўшы час адміністрацыйнага затрымання ў якасці адбыцця пакарання.

Пасля выхаду з СІЗА ў кватэры Змітра Казакевіча міліцыянты правялі ператрус. Забралі на даследаванне два ноўтбукі, два сістэмныя блокі, фотакамеру, дыктафон, флэшкі. Агляд праходзіў у межах адміністрацыйнай справы паводле арт. 22.9 КаАП.

С. Горкі