Чацвер, 30 Май 2019

Віцяблянін напісаў гнеўны камэнтар – на яго завялі справу за абразу ўладаў

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Мужчына пракамэнтаваў пост у сацсетцы “ВКонтакте” пра тое, што ў Віцебску плянуюць пабудаваць яшчэ адну лядовую пляцоўку і басэйн. У камэнтары вельмі жорстка прайшоўся па асобах віцебскага мэра і “губэрнатара”. Супраць віцябляніна распачалі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), інфармуе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Паведамляецца, што камэнтатар выступаў пад жаночым нікам “Оля Иванова”. Праверка, якую правялі праваахоўнікі пасьля звароту прадстаўніка Віцебскага гарвыканкаму, паказала, што за “Олей Ивановой” хаваўся 35-гадовы працаўнік Віцебскага ЖРЭТу.

Дарэчы, цяпер пад постам у групе “Тыповы Віцебск” камэнтатар пазначаны як “Дмитрий Иванов”. Аўтар выказвае сваю нянавісьць да ініцыятараў будаўніцтва ў горадзе лядовай пляцоўкі і нават прапануе “наняць макрушнікаў”.

Цяпер мужчыне пагражае паводле арт. 369 КК да трох гады пазбаўленьня волі.

Начальнік аддзелу ААПП унутраных справаў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебска Віталь Беліжэнка нагадвае, што ад ліпеня 2019 году набываюць моц зьмены ў Крымінальным кодэксе, згодна зь якімі абраза ў глябальным сеціве Інтэрнэт цягне за сабой крымінальную адказнасьць па арт. 189 КК.

“Таму ня варта спадзявацца, што ўсе мы ананімныя ў гэтай сацыяльнай сетцы. За публічную абразу можна атрымаць крымінальную адказнасьць”, – кажа міліцэйскі начальнік.