Пятніца, 03 Май 2019

У Дзень свабоды прэсы віцебскія журналісты раздавалі мінакам спэцвыпуск “Народнай Волі”

Ацаніць гэты матэрыял
(10 галасоў)
Барыс Хамайда раздае спэцнумар "Народнай Волі" ў Віцебску Барыс Хамайда раздае спэцнумар "Народнай Волі" ў Віцебску

У Сусьветны дзень свабоды прэсы, які адзначаецца 3 траўня, незалежныя віцебскія журналісты раздавалі мінакам спэцвыпуск газэты “Народная Воля”, прысьвечаны гэтай даце. У цэнтры гораду, ля “сіняга дому”, газэту распаўсюджваў вядомы віцебскі дысыдэнт і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Хамайда.

Сумесны праект “Народнай Волі” і Беларускай асацыяцый журналістаў (БАЖ) “Свабодная прэса: беларускія рэаліі” выйшаў з друку яшчэ 30 красавіка. У Віцебск для бясплатнага распаўсюду перадалі 300 асобнікаў. Палову зь іх раздаў у цэнтры гораду Барыс Хамайда, другую палову віцебскія журналісты распаўсюджвалі ў мікрараёне Білева. Ад рэдакцыі “Народнай Волі” яны атрымалі дазвол на бясплатны распаўсюд нумару.

Барыс Хамайда: Свабода прэсы – гэта свабода ад страху

Барыс Хамайда прызнаўся, што застаецца ў душы журналістам (у 1990-я ён рэдагаваў газэту “Выбар”). І ня толькі ў душы. Піша і зараз, але кажа, што ня мае дзе друкавацца.

Барыс Хамайда раздае "Народную Волю" мінакам ля "сіняга дому"

На думку Хамайды, свабода прэсы – гэта свабода выбару любых тэмаў і свабода ад страху.

“Калісьці ў мяне спыталі, што такое ўвогуле свабода. І я адказаў: гэта права выбару. Так і ў журналіста. Калі ён можа пісаць пра тое, пра што хоча, і пры гэтым не баяцца, што яго будуць судзіць, катаваць ці забіваць за праўду, – гэта і ёсьць свабода… ” – сказаў Барыс Хамайда.

Ён мяркуе, што, каб прэса стала сапраўды свабоднай ў Беларусі, ёй трэба вярнуць уладу, бо СМІ мае быць галіной улады.

“А каб гэта здарылася – трэба вяртаць Канстытуцыю 1994 году, трэба вяртаць падзел уладаў. Тады і будзе свабода, тады і будзе свабодная прэса”, – сказаў былы рэдактар і журналіст, а зараз – распаўсюднік незалежных выданьняў Барыс Хамайда.

Як ён лічыць, дзяржаўная прэса па сваёй сутнасьці прэсай зусім не зьяўляецца – гэта ўсяго толькі “органы прапаганды, ня больш за тое”.

Спэцпраект “Свабодная прэса: беларускія рэаліі” зьмяшчае вялікія інтэрвію са старшынём БАЖ Андрэем Бастунцом, міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам, галоўнай рэдактаркай парталу TUT.BY Марынай Золатавай ды іншыя матэрыялы.

Паводле інфармацыі БАЖ, за першыя тры месяцы 2019 году 14 журналістаў былі аштрафаваныя ў Беларусі толькі паводле арт. 22.9 КаАП (Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Агульная сума штрафаў склала больш за 14 тыс. рублёў.  

Зьміцер Міраш, фота аўтара