Аўторак, 15 Снежань 2015

Віцебская апазыцыя дамагаецца зьмены рашэньня гарвыканкаму № 881

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў зьвярнуліся ў Віцебскі гарадзкі савет дэпутатаў з прапановай даручыць гарвыканкаму ўнесьці зьмены ў сваё рашэньне ад 10 ліпеня 2009 году № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». Зварот падпісалі мясцовыя кіраўнікі партыі БНФ, Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», Аб’яднанай грамадзянскай партыі і руху «За свабоду».

Як вядома, Віцебскі гарвыканкам сваім рашэньнем № 881 зрабіў немагчымым правядзеньне публічных акцыяў апазыцыйнымі партыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі і рухамі. Згодна з гэтым рашэньнем, каб атрымаць дазвол ад мясцовых уладаў на правядзеньне масавага мерапрыемства, яго арганізатары сьпярша абавязаныя заключыць дамовы на абслугоўваньне мерапрыемства з абласной міліцэйскай управай або раённым аддзелам унутраных справаў, гарадзкой цэнтральнай паліклінікай і камунальнікамі.

Як паказала практыка, згаданыя гарадзкія службы, акрамя прадстаўнікоў ЖКГ, адмаўляюцца ад заключэньня дамоваў. Часьцяком свае адмовы яны тлумачаць адсутнасьцю дазволу ўладаў на правядзеньне акцыі. Атрымліваецца зачараванае кола, разарваць якое і намагаюцца віцебскія апазыцыянэры.

Той факт, што за шэсьць гадоў, што прамінулі з 2009 году, віцебскія чыноўнікі не далі дазволу на правядзеньне хаця б адной апазыцыйнай акцыі, сьведчыць, на думку грамадзянскіх і партыйных актывістаў, пра абсалютнае самавольства мясцовай бюракратыі, якая, зьяўляючыся непадкантрольнай грамадзтву, ганебным чынам парушае гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды.

У сваім звароце ў Віцебскі гарадзкі савет дэпутатаў апазыцыянэры прапануюць наступную зьмену ў рашэньне № 881: «Дазволіць правядзеньне пікетаў ня больш за 3-х удзельнікаў паводле заяўнага прынцыпу ў Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт без заключэньня дамоваў з упраўленьнем (аддзеламі) унутраных справаў, з установай аховы здароўя “Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка” і ўнітарным камунальным вытворчым прадпрыемствам “Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка”. Абавязкі па падтрыманьні парадку і санітарнага стану месца правядзеньня ўскласьці на арганізатараў мерапрыемства».

Аўтары звароту ў гарсавет таксама прапануюць «пазначыць месцы, у якіх забаронена праводзіць гэткія мерапрыемствы». На іх думку, калі іх прапанова будзе пачутая ўладамі, і рашэньне гарвыканкаму № 881 будзе перагледжанае, гэта значна спросьціць правядзеньне пікетаў і паспрыяе дэмакратызацыі грамадзтва.

Кажа адзін з падпісантаў прапановы, старшыня абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Селівашка:

«Наша прапанова грунтуецца на досьведзе правядзеньня пікетаў падчас сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Як было заяўлена прадстаўнікамі органаў улады і прыўладных структураў, кантрольнымі службамі і назіральнікамі розных узроўняў, ніякіх парушэньняў арганізатарамі і ўдзельнікамі пікетаў дапушчана не было. А калі яно так, дык чаму па-за межамі выбарчых кампаніяў мы ня можам скарыстацца сваім канстытуцыйным правам? Няўжо папулярызацыя партыяў і наўпроставы кантакт зь людзьмі ў межах закону праз правядзеньне пікетаў нясе ў сабе нейкую пагрозу грамадзтву, а не зьяўляецца часткай нармальнага штодзённага сацыяльна-палітычнага жыцьця?»

С. Горкі, Віцебская вясна