Нядзеля, 30 Сакавік 2014

Георгію Станкевічу пагражае штраф за “самвыдат”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Георгі Станкевіч Георгі Станкевіч

Настаўніка, актывіста руху «За свабоду» Георгія Станкевіча спавясьцілі пра тое, што супраць яго ініцыяваная адміністрацыйная справа за парушэньне Закону аб СМІ. Спадар Станкевіч — заснавальнік і рэдактар самвыдатаўскай газэты «Крывінка», якую ён распаўсюджвае ў Бешанковіцкім раёне.

Георгі Станкевіч апавёў, што 27 сакавіка да яго на працу прыйшоў старшы опэрупаўнаважаны Бешанковіцкага РАУС Дзьмітрый Карась і заявіў, што будзе браць тлумачэньні і складаць пратакол па адміністрацыйнай справе:

«Мне сказалі, што ёсьць сьведчаньні двух прадпрымальнікаў бешанковіцкага Калгаснага рынку пра тое, што 22 сакавіка я распаўсюджваў там сваю газэту. Гэтага факту я не хаваю. Але адмовіўся падпісаць пратакол, складзены міліцыянтам па-расейску — прапанаваў Дзьмітрыю Карасю перакласьці яго на беларускую мову, каб я зразумеў усё дакладна, і тады з маім подпісам праблем ня будзе. Я накіраваўся на чарговы ўрок, а опэрупаўнаважаны, як мне пазьней пераказалі калегі, пачаў абурацца ў грубай форме маімі паводзінамі. Нават склаў яшчэ адзін пратакол — што я адмовіўся падпісваць першы. Але настаўнікі запісалі ў ім, што адмова была толькі ў тым, што я ня буду падпісваць пратакол, напісаны на рускай мове. З гэтым міліцыянт і сышоў».

Але Георгі Станкевіч вырашыў давесьці справу да лягічнага завяршэньня: напісаў заяву на імя начальніка Бешанковіцкага РАУС Алега Новіка пра тое, што супрацоўнікі мусяць ведаць дзяржаўную беларускую мову. А калі ня ведаюць, то варта арганізаваць для іх адмысловыя заняткі. Аднак адказу па сутнасьці на сваю заяву спадар Станкевіч не атрымаў:

«29 сакавіка мне прыйшоў адказ зь міліцыі, але пра беларускую мову ў ім — ані слова. Напісана толькі, што разьбіральніцтва па маёй адміністрацыйнай справе завершанае. На думку супрацоўнікаў міліцыі, я парушыў частку 2 артыкулу 22.9, які датычыцца дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі. Адзначаны цэлы пералік артыкулаў Закону аб СМІ, парушаных мной як заснавальнікам і выдаўцом „Крывінкі“. Гэта і незаконны выраб сродку масавай інфармацыі, і незаконны распаўсюд, і пазначэньне недакладных зьвестак пра рэдакцыю… Пра ўсё гэта больш падрабязна я буду тлумачыць у судзе».

Праўда, позву ў суд Георгі Станкевіч яшчэ не атрымаў. У яго ёсьць меркаваньне, што працэс наогул захочуць правесьці ў ягоную адсутнасьць. Бо сьведкі ўжо атрымалі запрашэньні ў суд на 2 красавіка.

Увогуле ж, гэта будзе ўжо трэці працэс і трэцяя адміністрацыйная справа з падобнымі абвінавачваньнямі супраць рэдактара і выдаўца «Крывінкі». У 2010 годзе Георгія Станкевіча пакаралі штрафам памерам 20 базавых велічынь, у 2012 годзе штраф быў ужо 40 базавых велічынь. Да ўсяго, справа супраць «Крывінкі» ў 2010 годзе таксама была ініцыяваная падчас выбарчай кампаніі — тады Георгі Станкевіч балятаваўся ў Бешанковіцкі раённы савет. Сёлета ен таксама браў удзел у выбарах, балятаваўся ўжо і ў раённы, і ў Віцебскі абласны саветы. Паводле афіцыйных падлікаў, ён прайграў праўладным кандыдатам, ягоным супернікам.

Георгі Станкевіч зьвяртае ўвагу і на тое, што рэгулярна дасылае кожны нумар свайго выданьня ў Менск — у шэраг бібліятэк, у Міністэрства інфармацыі і Нацыянальную кніжную палату Беларусі. Адтуль прэтэнзіяў да «Крывінкі» ніколі не паступала, іх прад’яўляе толькі мясцовая міліцыя.

У «Крывінцы» рэдактар і выдавец разьмяшчае мясцовыя навіны і навіны з усяе Беларусі, крытычныя і аналітычныя матэрыялы, зьмест якіх часта супярэчыць афіцыйнаму пункту погляду. А таксама ўласныя паэтычныя творы. Георгі Станкевіч — паэт і аўтар некалькі соцень песьняў на свае вершы.

Радыё Свабода