За абразу камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова віцеблянін асуджаны на паўтара гады "хіміі", а за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі жыхар Полацкага раёну атрымаў пяцігадовы тэрмін з узмоцненым рэжымам адбыцця ў папраўчай калоніі. Прысуды ў законную сілу не ўступілі і могуць быць абскарджаныя і апратэставаныя ў апеляцыйным парадку ў вышэйстаячых судах.

12 красавіка ў Наваполацку адбыўся суд над удзельнікам стачкі на прадпрыемстве «Нафтан» Аляксандрам Кухаронкам. Нагодай для завядзення справы паводле ч.3 арт. 24.23 КаАП стала відэа, знятае страйкоўцамі ў падтрымку галасавання на пляцоўцы «Голас». Да суду мужчына правёў трое сутак у мясцовым ізалятары.

8 красавіка Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу кіраўніка Віцебскай абласной філіі БНФ Кастуся Смолікава на пастанову суду Кастрычніцкага раёну Віцебску. 30 сакавіка Кастусь Смолікаў, Алесь Вендт і Іван Казлоў былі прызнаныя вінаватымі ў несанкцыянаваным пікетаванні і пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі.

Віцебскі абласны суд разгледзеў 7 красавіка скаргі журналістаў-фрылансераў Змітра Казакевіча і Алены Шабуні, аштрафаваных у сакавіку за матэрыялы, якія былі апублікаваныя на сайце тэлеканалу «Белсат». Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў іх вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ (арт. 23.5 КаАП). Журналісты з гэтым не пагадзіліся.

31 сакавіка Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргі праваабаронцы БХК Ірыны Траццяковай і жыхаркі Віцебскага раёну Таццяны Туравец на пастановы судоў ніжэйшай інстанцыі. Рашэнне суду паводле палітычна матываваных справаў сталіся прадказальнымі: суддзі Андрэй Прэйс і Святлана Іванова скаргі не задаволілі, а рашэнні раённых судоў пакінулі без зменаў.