14 лютага суд Першамайскага раёну Віцебску асудзіў на паўтара года «хіміі» Руслана Чэркаса за каментар пакінуты ў «Аднакласніках» у чэрвені 2020 году на старонцы Вольгі Карач. Суддзя Наталля Карабліна прызнала мужчыну вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ).

Колькасць разгледжаных судамі Віцебскай вобласці адміністрацыйных справаў у 2021 годзе скарацілася на траціну. Усяго за гэты перыяд суды разгледзелі каля 26 тыс. адміністрацыйных справаў, што амаль на 13,1 тыс., або на 33,5% менш, чым у 2020 годзе. У сувязі з жорсткімі рэпрэсіямі ў дачыненні да палітычнай апазіцыі колькасць адміністрацыйных справаў, звязаных з пераследам грамадзянскіх актывістаў, таксама зменшылася. 

17 лютага суддзя Віцебскага абласнога суду Аляксандр Абашын пачне разгляд крымінальнай справы па ч.1 артыкула 130-1 («Рэабілітацыя нацызму»). У Беларусі гэта будзе першы працэс, на якім будуць судзіць па гэтым артыкуле. У рэабілітацыі нацызму абвінавачваюць 33-гадовага Аляксандра Вольскага, якога затрымалі на пачатку 2022 году.

1 лютага шэраг рэсурсаў праваабарончага цэнтру «Вясны» з'явіліся ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. «Экстрэмісцкай» была прызнаная 21 інтэрнэт-старонка Праваабарончага цэнтру — пералік іх займае ажно 2,5 старонкі ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 9 лютага скончыўся судовы працэс над 51-гадовым Андрэем Кузняцовым, у дачыненні якога была распачатая крымінальная справа за абразу менскай суддзі Вікторыі Шабуні (арт. 391 КК РБ). Мужчыну прызналі вінаватым і пакаралі абмежаваннем волі на 2,5 года без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.