Субота, 30 Красавік 2016

«Судовую сыстэму краіны абразіць немагчыма»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Першы намесьнік Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь Валер Калінковіч адмовіўся разглядаць зварот віцебскага доктара Ігара Пастнова з-за таго, што ў звароце, на думку судзьдзі, прысутнічаюць абразьлівыя словы і выразы.

Сапраўды, у Законе Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» гаворыцца, што пісьмовы зварот можа быць пакінуты без разгляду па сутнасьці, у выпадку калі ў ім дапушчанае ўжываньне нецэнзурных альбо абразьлівых словаў ці выразаў. Інакш кажучы, заканадаўца даў выключнае права асобам, якія па сваёй кампэтэнцыi абавязаныя разглядаць звароты грамадзян і арганізацыяў, самастойна, без усялякай экспэртызы, вызначаць, ці маюцца ў зваротах нецэнзурныя або абразьлівыя словы і выразы.

Наяўнасьць такой магчымасьці вельмі зручная для начальнікаў і кіраўнікоў, бо дае ім магчымасьць не адказваць заяўніку на пастаўленыя пытаньні, на якія яны ня хочуць адказваць па палітычных, эканамічных ці іншых меркаваньнях. А ўжо якія словы нецэнзурныя, якія абразьлівыя, якія прыніжаюць іх гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю – яны вольныя выбіраць самі.

І выпадак з доктарам Пастновым, якому судзьдзя Калінковіч фактычна адмовіў у ліставаньні праз тое, што ён нібыта дапусьціў некалькі грубых словаў і выразаў у сваім электронным пасланьні ў Вярхоўны суд, тыповы.

Для нагляднасьці дазволю сабе прывесьці некалькі цытатаў зь ліста спадара Пастнова, якія справакавалі нэгатыўную рэакцыю з боку намесьніка старшыні ВС.

«Сукалаўскае правасудзьдзе – гэта калі судзьдзя атрымлівае аргазм, зьдзекуючыся з падсуднага, што здаецца ўсім, што ён пад кайфам. Сукалаўскае правасудзьдзе стала агульным, як "сталыпінскі гальштук", "яжовыя рукавіцы"».

Або: «Сутнасьць сукалаўскага правасудзьдзя ў тым, што яно заказное. Адкрыта заказное. У Расеі яно прадажнае».

І яшчэ: «Пакуль існуе сукалаўскае правасудзьдзе, выбараў ня будзе. Адкрытая расправа над невінаватымі па тэлефанаваньні. Гэта горш, чымся прадажнасьць. Гэта поўнае рабства. Высакародныя цяжарныя сабачкі (у народзе званыя сукамі), тут ні пры чым».

Гэтак гістарычна склалася, што ўсе ляўры і ганьбу народная пагалоска прыпісвае непасрэднаму кіраўніку дзяржавы ці іншай самавітай асобе, за часам якой былі ажыцьцёўленыя пераўтварэньні ў дзяржаве альбо ў якім-небудзь ведамстве. Напрыклад: «Сталыпінская зямельная рэформа», «Сталінская канстытуцыя», «Брэжнеўскі застой» або «Гарбачоўская перабудова».

У цяперашні час Старшынём Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь зьяўляецца Валянцін Сукала, які на гэтай пасадзе нязьменна служыць 19 гадоў. Такім чынам, Валянціна Алегавіча можна без усялякай нацяжкі ўважаць за архітэктара і будаўніка судовай сыстэмы незалежнай Беларусі. Таму доктар Пастноў і выкарыстоўвае словазлучэньне «Сукалаўскае правасудзьдзе», для таго каб зьвязаць імя старшыні ВС з пабудаванай ім судовай сыстэмай краіны. А вось якая гэта сыстэма, наколькі яна адпавядае стандартам і сучасным патрабаваньням да адпраўленьня правасудзьдзя – ацэньваць грамадзянам, у тым ліку і Ігару Пастнову.

Трэба пагадзіцца, што доктар Пастноў у сваім пасланьні дзёрзка, але ў рамках дзейнага заканадаўства, дае адмоўную ацэнку працы судоў усіх узроўняў, публічна сумняваецца ў якасьці рашэньняў, якія выносяцца судамі. І як грамадзянін сваёй краіны ён мае на гэта права ды, варта адзначыць, правам гэтым карыстаецца часьцей, чымся хто-небудзь іншы.

А як працуюць віцебскія суды – Ігар Аляксеевіч ведае не па чутках. Калісьці ён на сабе зьведаў усю чароўнасьць існуючай судовай сыстэмы, якая адправіла яго лячыцца ад нібыта абвастрэньня ў яго псыхічнага захворваньня. Таму і ня дзіўна, што доктар ужывае рэзкія словы і выразы, імкнучыся такім спосабам данесьці ўсю непрымальнасьць для яго практыкі вынясеньня рашэньняў у раённых і абласных судох галоўнаму Суду краіны. Аднак, называючы беларускія суды «сукалаўскімі», ён ні ў якай меры не імкнецца зьняважыць іх гэтым выразам.

І не да твару судзьдзю ВС Валеру Калінковічу гэтак апантана абараняць цяперашнюю судовую сыстэму, у якой ён ёсьць адным з галоўных кіраўнікоў і на якой ляжыць адказнасьць за якасьць працы беларускіх судоў.

Больш таго, крытыка і ацэнка дзейнасьці судоў і судзьдзяў, часам вострая, зьяўляецца часткай працы судовага чыноўніка, і на крытыку трэба навучыцца правільна рэагаваць, а не хавацца за тым, што «пісьмовыя звароты могуць быць пакінутыя без разгляду па сутнасьці, у выпадку калі ў звароце дапушчанае ўжываньне нецэнзурных альбо абразьлівых словаў ці выразаў».

Бо можна абразіць чалавека ці службовую асобу, а вось судовую сыстэму краіны абразіць немагчыма.

Лявон Яфрэменка