Нядзеля, 10 Жнівень 2014

Віцябчук скардзіцца на старшыню райсуду

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Тулубенскі Павал Тулубенскі

Жыхар Віцебску Павал Тулубенскі зьвярнуўся з заявай у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусі. У сваёй заяве ён просіць кіраўніцтва вышэйшай судовай інстанцыі краіны прыцягнуць да адказнасьці і адхіліць ад займаемай пасады старшыню суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Яўгена Бурунова. На думку заяўніка, судзьдзя Буруноў вынес у дачыненьні да яго неправасуднае рашэньне па адміністрацыйнай справе.

Апроч таго, Павал Тулубенскі настойвае на кампэнсацыі яму маральнай шкоды ў памеры 3 000 000 рублёў і вяртаньні грашовых сродкаў, выдаткаваных ім на аплату дзяржаўнай пошліны, у памеры 300 000 рублёў.

Прычынай звароту віцебчука ў ВС РБ паслужыла вынесеная ў красавіку 2014 году судовая пастанова. На думку заяўніка, яна было неабгрунтаванай і прадузятай. Згодна з гэтай пастановай, Тулубенскі быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні правапарушэньня, прадугледжанага арт. 9.2 (паклёп) КаАП Рэспублікі Беларусь, і атрымаў штраф у памеры 20 базавых велічынь на суму 3 000 000 рублёў.

Павал Васільевіч упэўнены ў тым, што ніякіх законных падстаў для ўзбуджэньня адміністрацыйнага судаводзтва і вынясеньня названай судовай пастановы старшыня суду Буруноў ня меў. Судовае разьбіральніцтва ён палічыў прадузятым - судзьдзя ўзяў бок пацярпелага - С.А. Літвінчука, які зьяўляецца кіраўніком камэрцыйнай структуры ТДА «НВП Мера».

Спадар Тубуленский лічыць, што матывам паводзін судзьдзі зьяўляецца магчымая спроба запалохаць асоб, якія падпісалі абгрунтаваную калектыўную скаргу на адрас прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі на дзеяньні кіраўніцтва ТДА «НВП Мера», што парушаюць іх правы і законныя інтарэсы.

На пачатку ліпеня бягучага году пастановай старшыні Віцебскага абласнога суду Мікалая Хамічонка пастанова судзьдзі Бурунова ад 18 красавіка была скасаваная, а справа аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да Тулубенскага спыненая. Старшыня абласнога суду матываваў сваё рашэньне тым, што на дзень вынясеньня пастановы судом першай інстанцыі мінуў тэрмін накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня, вызначаны працэсуальным законам.

Павал Тулубенскі ўпэўнены: судзьдзя Буруноў ведаў пра тое, што тэрмін накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня на яго скончыўся, але, у парушэньне закону, прыняў рашэньне на карысьць Літвінчука. Тым ня менш, нягледзячы на грубыя парушэньні закону з боку судзьдзі, старшыня абласнога суду не наважыўся належным чынам прарэагаваць на самавольства і беззаконьне, дапушчаныя яго падначаленым і не прыцягнуў яго да заслужанага пакараньня. Апошняя акалічнасьць і змусіла жыхара Віцебску зьвярнуцца з заявай у Вярхоўны суд.

Гэткія дзеяньні і паводзіны служак беларускай Фэміды дыскрэдытуюць судовую сыстэму краіны, зьніжаюць давер грамадзян да вынесеных судовых пастаноў, выклікаюць падазрэньне ў карупцыйнасьці і заангажаванасьці судзьдзяў, лічыць Павал Тулубенскі.